Сёння 24 ліпеня
Гіды

Натурал-friendly Queer Cafe

Натурал-friendly Queer Cafe

Шырока вядомае ў вузкіх колах all-friendly месца ў цэнтры Мінска – з эксперыментальнымі кактэйлямі, таннай гарэлкай і атмасферай акупаванага Савецкім Саюзам Лондана. На кубачак эспрэса ў Queen Cafe зазірнулі журналісты 34mag.

Ужо восем месяцаў па мінскім адрасе Мяснікова, 35 працуе не занесенае ў расстрэльныя спісы «рэлаксбай» Queen Cafe. Нагугліць інфу пра гэта месца амаль немагчыма, таму ліквідуем прабел.

Месца заточанае пад тое, каб махнуць пару шотаў пасля цяжкага працоўнага дня або асвяжыцца кавай ці гарбаткай пасярод. Адсутнасць крыніц натуральнага святла дапамагае выпасці з рэальнасці ды адключыцца, так бы мовіць, ад гарадской мітусні. Невялікая плошча ўстановы дадае ўтульнасці і жадання пазнаёміцца з кампаніяй за суседнім столікам.

На сценах эклектычны пазл пераважна з брытанскай нацыянальнай сімволікай – са сцягамі, партрэтамі каралевы, плыткамі Элтана Джона. Калі цікава, бармены могуць распавесці гісторыю кожнага артэфакта – адкуль кілімок, хто падараваў карціну, чыя пантофля вісіць на сцяне. А два чырвоныя барныя стулы ў стылістыцы «бляск і галеча куртызанак» адмыслова замаўлялі ў Бельгіі. Усё гэта прыпраўлена савецкімі кніжкамі, карцінкамі з Хэмінгўэем і Гагарыным ды іншым стафам «выдатнай эпохі».

Працуе Queen Cafe з 12:00 да 23:00, таму вымушана пазіцыянуе сябе як прэпаці-бар. З 1 студзеня за культурна-асветніцкае жыццё ўстановы адказвае музыка Лёша Ліп, які цяпер тут арт-дырэктар. Лёша абяцае па пятніцах-суботах-нядзелях культурную праграму: дзіджэі, unplugged выступы і, вядома, свае кватэрнікі.
Queen Cafe – насамрэч бар, а не кафэ. Ежа тут прадстаўлена літаральна ў выглядзе некалькіх пунктаў у меню – каб было чым зажаваць алкаголь. Аднак стваральнікі бара гавораць, што кухню будуць пашыраць. З іншых планаў – наладзіць Wi-Fi (пакуль яго няма) і, магчыма, зрабіць другі ярус, на якім размесцяцца яшчэ 2–3 столікі.

Натурал-friendly Queer Cafe

Паліць, дарэчы, можна паўсюль, акрамя прыбіральні. На дзвярах самой прыбіральні спізджанае з цягніка і трохі падпраўленае папярэджанне: «Во время стоячки пользоваться туалетом запрещается».

Бармены тут са схільнасцю да экспромтаў – таму можна замовіць нешта кшталту «моцны лонг зялёнага колеру не даражэй за саракет». Класічныя кактэйлі каштуюць у раёне 45–55 тысяч. Аднак будзьце пільныя – дзяўчаты за барам часам паводзяцца даволі дзёрзка. Магчыма, гэта нешта накшталт спадчыны і вернасці традыцыям – раней тут была кавярня савецкага тыпу, дзе можна было з’есці блінчык і махнуць пяцьдзясят гарэлкі.

Queen Cafe (вул. Мяснікова, 35) | http://vk.com/queencafe

Паводле 34mag

Аўтар артыкулу: 34mag

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte