Сёння 1 жніўня
Грамадзтва

Царква: Скрыўленыя адлюстраваньні

Царква: Скрыўленыя адлюстраваньні

У траўні мінулага году Вячаслаў Ганчарэнка, пастар «Новой жизни» — самай вядомай беларускай евангелісцкай царквы, — напісаў ліст міністру адукацыі, у якім выказваў сваю занепакоенасьць месячнікам мерапрыемстваў «по снижению уровня гомофобии в Беларуси». Поўны тэкст ліста, наколькі мне вядома, ніколі ня быў апублікаваны, а ягоны пераказ чамусьці зьнік з сайту царквы, але здарылася гэта ўжо пасьля таго, як іншыя сайты, як гейскія, так і хрысьціянскія, падхапілі тую навіну. Падобна, што ніякага цікавага адказу пастар не атрымаў, бо ніхто цяпер той гісторыі не прыгадвае.

Гісторыя сапраўды малацікавая, бо падобных адбываецца мноства і яшчэ трошку тут, там і паўсюль: людзі ад рэлігі нацкоўваюць грамадзтва і палітыкаў супраць людзей з аднаполай прыхільнасьцю. І чым выразьней гейская грамада будзе заяўляць пра сябе, тым часьцей такія цкаваньні будуць здарацца і больш высокія чыны будуць брудзіць свае белыя ручкі ў тую марноту. У іх могуць быць розныя матывы. Зь ярархамі проста — іхныя пасады напаўдзяржаўныя і дзеля дыялёгу з урадам яны ахвотна ахвяруюць дабрабытам меншасьці. Але В. Ганчарэнка ня з іх купы, бо ён кіруе перасьледаванай хрысьціянскай супольнасьцю. Паглядзіш вэб–сайт яго царквы — нібы тая «Наша Ніва».

Мяне гэта трывожыць, бо я — і гей, і хрысьціянін. У маім жыцьці адно павязалася з другім у адну гісторыю, адна ідэнтычнасьць умацоўвала другую. Я не магу выбіраць паміж імі, яны складаюцца ў цэльнасьць — мяне. І калі здараюцца выпадкі як той нікчэмны ліст пастара, я апынаюся на раздарожжы: мае адны браты спрабуюць усадзіць нож у сьпіну іншым братом. Для гэтага яны йдуць на паклон да сьвецкага ўраду, які — няма сумневаў, бо такая людзкая прырода, — калі яму спатрэбіцца, скарыстае перасьледаванага імі пастара для ўласных мэтаў. Прайграюць усе.

Хрысьціяне памыляюцца, калі забываць, што сьвецкія ўлады — не сябры. Ня ворагі, але й не сябры. Адна рэч — служыць бліжняму, другая — распараджацца яго свабодай. Апостал Павал пазьбягаў урадоўцаў і іхных міласьцінаў. Ён апэляваў да свайго рымскага грамадзянства, калі яго арыштоўвалі беспадстаўна, але не дапушчаў урадоўцаў да справаў дабравешчаньня. І нездарма: заглядзішся на вялізарныя ўрадавыя будынкі з іхным шыкам і прывілеямі, глябальнымі праектамі і макраўзроўневымі турботамі, і забудзешся на рэальнае — чалавека.

Гейская грамада адказала на ліст пастара маўчаньнем. Мо і правільна — драбяза тая гісторыя. Але дзеля ўнутранай дыскусіі ліст той як раз і дарэчы. Адна з прычынаў, чаму нічога не было сказана — гэта наш брак мовы. Для геяў хрысьціяне — гэта «яны», якія звонку, па–за «намі», якія думаюць і гавораць па–іншаму, незразумела і выклікаюць дыскамфорт. Геі і хрысьціяне глядзяць адны на другіх і бачаць чужынцаў, ворагаў. І чым даўжэй углядаюцца, тым больш напаўняюцца непрыязьню да незразумелага чужынца.

Шкада, на Беларусі пакуль няма груп хрысьціянаў–геяў, якія маглі б «інтэрпрэтоўваць» мову дабравесьця на мову індывідуальнай годнасьці — і наадварот. Магчыма, з часам яны зьявяцца, як гэта ёсьць там–сям на захадзе. Гэтыя групы маленькія і неўплывовыя. Іхная роля хутчэй у тым, што яны становяцца сьведчаньнем і для гейскай грамады, і для царкоўных супольнасьцяў, нават выклікам — не замыкацца ў манатоннасьці ўласнага дыскурсу. Яны часта «падбіраюць» адкінутых, тых, хто ня можа ўпісацца ў рамкі адной з ідэнтычнасьцяў.

Я б заахвочваў бы гейскую грамаду не адварочвацца ад рэлігійнай праблематыкі (безумоўна, тут нікога не прымусіш прымаць «опіюм для народу», калі ён не да смаку). Варта спрабаваць пабачыць часта складаныя матывы пэўных выказваньняў і ўчынкаў хрысьціянскага істаблішмэнту. Варта даваць голас тым, хто зможа размаўляць з царкоўнікамі на іхнай мове. Варта запытвацца: калі вы такія харошыя, то пакажыце, што вы зрабілі для пастырскай апекі ЛГБТ. Ня варта баяцца «экс–гей» ініцыятываў: заходняя практыка паказвае, што на іх глебе ў выніку нараджаюцца здаровыя хрысьціянскія ЛГБТ групы.

Аўтар артыкулу: Ігар ІВАНОЎ

Рэйтынг:
 (галасоў: 4)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte