Сёння 24 кастрычніка
Грамадзтва

Cogito ergo amo

Cogito ergo amo

Усе мы носьбіты паўсядзённай сьвядомасьці, паўсядзённага мысьленьня, мы схільныя арыентавацца найперш на свой непасрэдны паўсядзённы вопыт і пераймаць тыя веды, якія ляжаць ужо падрыхтаваныя для ўспрыняцьця намі. Так, мы можам на пэўны час уцякаць у сфэры навуковай рацыянальнасьці, на той час, пакуль мы займаемся навукай, але па сканчэньні дасьледаваньня нас чакае непазьбежнае вяртаньне назад, у паўсядзённасьць. Мы можам спрабаваць сумясьціць гэтыя два тыпы вопыту, “прыляпіць” навуковасьць да паўсядзённасьці – тады ствараецца камічная сытуацыя, калі паўсядзённае мысьленьне з уласьцівай яму гетэраномнасьцю абсалютна несыстэматычна і некрытычна апэруе выпадковымі навуковымі фактамі, нібы кампэнсуючы гэтым уласную непаўнавартасьць. Навуковыя факты апынаюцца прыдатным прадметам для адвольнай інтэрпрэтацыі з боку паўсядзённага масьленьня, хаця часьцей за ўсё тое, што падаецца пад маркай навуковых фактаў, нічога агульнага зь імі ня мае – тут важны сам намёк на навуковасьць, што мусіць надаць вагу нейкім аргумэнтам. Кожны гэта назіраў (і, відаць, выкарыстоўваў) у дыскусіях ледзь не на любую тэму, але ці заўсёды вы былі ўпэўненыя ў навуковасьці гэтых фактаў і ці заўсёды гэтыя факты, разьмешчаныя ў іншым, паўсядзённым, кантэксьце, захоўвалі сваю моц? Усё ясьней паўсядзённая сьвядомасьць разумее адноснасьць гэтых фактаў, непасрэдную залежнасьць атрыманых вынікаў ад мэтадалёгіі дасьледаваньняў і ідэалягічнай ангажаванасьці дасьледчыкаў, усё выразьней ёй бачыцца канвэнцыйнасьць навуковага факту, і таму яна не сьпяшаецца браць яго на веру, асабліва калі ён супярэчыць прынятай канкрэтнай сьвядомасьцю канцэпцыі.

Ва ўмовах імклівай дэвальвацыі навуковых фактаў паўсядзённаму мысьленьню неабходна на штосьці абапірацца, каб прасоўвацца ў сваіх разважаньнях і аргумэнтаваць сваю пазыцыю. Калі нельга зрабіць ніякіх вонкавых адсылак, застаецца рэфлексіўна сканцэнтравацца на самім сабе, заняцца самаспазнаньнем, ажыцьцявіць як бы дэканструкцыю самога сябе. Так, відаць, і канчаецца трыюмф паўсядзённай сьвядомасьці.

Паспрабуем выкарыстаць такі мэтад “самадастатковасьці” мысьленьня, праўдзіва рэалізаваць славуты common sense (без адсылак да статыстычных дадзеных, вынікаў дасьледаваньняў і г.д.) вось стасоўна якой праблемы.

Калі мы гаворым, што “гомасэксуалізм” – гэта хвароба, мы маем на ўвазе існаваньне нейкай нормы, адхіленьне ад якой адбываецца ў дадзеным выпадку. Што гэта за норма? Раз мы ня можам апэляваць да навукі, пакінем у баку ўсе канцэпцыі аб генэтычных і гарманальных збоях, ня будзем чапаць і панятак псыхічнага здароўя. Зьвернемся да відавочнага: гэтая норма – працяг роду, ажыцьцяўленьне рэпрадукцыйнай функцыі, што немагчыма падчас гомасэксуальнага акту. Але ж і далёка ня кожны гетэрасэксуальны акт канчаецца апладненьнем. Патэнцыйна гомасэксуал, калі ён не бясплодны, настолькі ж здаровы ў гэтым, біялягічным, сэнсе, як і любы небясплодны гетэрасэксуал. Да таго ж многія гомасэксуальныя пары ўсё-ткі маюць ці жадаюць мець, у тым ліку і сваіх, дзяцей. А што казаць пра тых людзей, якія сьвядома не жадаюць мець дзяцей? Гэта ніяк нельга назваць хваробай з той жа прычыны. Прынамсі, гэта ляжыць не ў біялягічнай плоскасьці, таму мэдыцына тут ні пры чым, ацаляць тут няма каго.

Мы можам сказаць, што ўсё адно “гомасэксуалізм” – гэта ненатуральна, што прыродай закладзена быць мужчыне з жанчынай, а жанчыне з мужчынам. “Быць” – гэта займацца сэксам? Няўжо прыродай закладзена, дапусьцім, займацца сэксам з супрацьлеглым полам тры разы на тыдзень, выкарыстоўваючы кантрацэптывы, цалуючы і абдымаючы партнэра? Што сапраўды натуральнага ёсьць у “традыцыйных” сэксуальных практыках? Натуральна – гэта аднаразовы полавы акт, які канчаецца апладненьнем, усё астатняе – культура. Культурны карэлят “ненатуральнасьці” – вычварэньне. А што ёсьць вычварнага ў гомасэксуальных зносінах, чаго б не было ў гетэрасэксуальных? Можна сказаць, што вычварнае тут – адсутнасьць “традыцыйнай”, генітальнай, пэнэтрацыі, проста кажучы, увядзеньня пэніса ў вагіну. Замест гэтага, напрыклад, можа ажыцьцяўляцца анальная і аральная пэнэтрацыя, мастурбацыя і пэтынг. Але ж гэтыя “сурагаты” гетэрасэксуальнага коітусу ўжываюцца і ў гетэрасэксуальных зносінах. Наогул уяўленьне аб “традыцыйнасьці” нарматыўнага гетэрасэксуальнага коітусу зьвязанае з рэпрадуктыўнай функцыяй, якую ён патэнцыйна мусіць выконваць. Але, як бачна, сэксуальнасьць не зьвязаная непасрэдна з рэпрадукцыяй, бо іначай вычварэньнем можна было б назваць усе формы полавых зносінаў, якія не прыводзяць да апладненьня. Сэксуальнасьць зьвязаная з асалодай, з атрыманьнем асалоды, і гэта ёсьць асноўным крытэрам прыдатнасьці тых ці іншых формаў полавых зносінаў для канкрэтных партнэраў. Чыста мэханічна сэкс грунтуецца на працэсе раздражненьня полавых органаў, таму ці ёсьць вялікая розьніца, у якой форме будзе праходзіць узаемная мастурбацыя?

Наогул мне падаецца, няма ніякай сутнаснай розьніцы між гетэрасэксуальнымі і гомасэксуальнымі зносінамі. Можна знайсьці толькі фармальныя адрозьненьні, але іх можна знайсьці таксама і ўнутры кожнага з вылучаных тыпаў. Таму само такое вылучэньне, такая тыпізацыя падаецца неправамерным дзеяньнем. З такім жа посьпехам можна было б падзяліць людзей на тых, хто займаецца сэксам ня больш за адзін раз у месяц, і тых, хто больш за адзін; на тых, хто цалуецца падчас полавага акту, і тых, хто не цалуецца; на тых, хто шэпча любоўныя словы на вуха партнэра або крычыць і стогне, і тых, хто займаецца сэксам моўчкі, і г.д. Але ці не падаецца вам вычварэньнем зводзіць чалавечыя стасункі адно да сэксуальных практык? А як жа любоў, людцы?

Перафразуючы словы Паскаля, можа сказаць: усялякая агітацыя за ці супраць гомасэксуальнасьці – бессэнсоўная і нават амаральная, як і агітацыя за ці супраць любові.

Паводле LJ alyrik

Аўтар артыкулу: Кірыла Анохін

Рэйтынг:
 (галасоў: 2)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte