Сёння 1 жніўня
Грамадзтва

Пераадоленьне гамафобіі: гей-змаганьне й досьвед нацыянальнага руху

Пераадоленьне гамафобіі: гей-змаганьне й досьвед нацыянальнага руху

Гей–змаганьне і досьвед беларускага нацыянальнага руху

Гамафобія — не адзіная ў сваім родзе фобія. Гэтак, у краіне нярэдка здараюцца выпадкі беларусафобіі. Гэтыя фобіі іншы раз накладаюцца. Напрыклад, можна ненавідзець “калгасную” беларускую мову й пры гэтым марыць аб вынішчэньні ўсіх “блакітных вычварэнцаў”. Але ж традыцыйна ў нашай краіне сутыкаешся значна часьцей зь беларусафобным дыскурсам, чым гамафобным. І ў гэтым першае адрозьненьне паміж двума гэтымі фэномэнамі: колькасна значная афішаваная прысутнасьць беларускамоўных у грамадзтве дэтэрмінуе іх вышэйшы статус з пункту гледжаньня артыкуляваньня праблемаў гэнай групы. Адмоўная рэакцыя на выкарыстаньне беларускай мовы трансьлюецца часьцей, чым адмоўная рэакцыя на гомасэксуальнасьць вось зь якой прычыны. Геі й лесьбіянкі пастаянна прысутнічаюць у грамадзтве, аднак ступень іх маргіналізацыі нагэтулькі высокая, што адкрыта праявіць сябе яны ня могуць. Калі беларусафобія — адкрытая фобія і ейныя праявы рэгіструюцца, дык гамафобія найчасьцей мае завэлюмаваную форму. Рэч у тым, што большасьць гомасэксуальных асобаў у Беларусі вымушаныя хаваць вонкавыя праявы сваёй тоеснасьці, дэманструючы афіцыйна атрыбуты “гетэрасэксуальнай нармальнасьці”, то бок вызначаную біялягічную прыналежнасьць (“мужчына”/“жанчына”).

Другое разыходжаньне паміж гамафобіяй і беларусафобіяй заключаецца ў асымэтрычным разьмеркаваньні “сілаў падтрымкі”, абароны ці проста прыхільнікаў гей–культуры й беларускай культуры адпаведна.

Не зважаючы на маштабнасьць, беларусафобія сутыкаецца з штодзённым супрацьстаяньнем з боку пэўных партыяў, рухаў, асобаў, якія змагаюцца супраць ейных праяваў і наступстваў. Беларусафобіі супрацьстаіць, урэшце, сама дзяржава, створаная беларусамі і ў якой беларуская мова мае афіцыйны статус. Гэткім чынам, беларусафобія ў пэўнай ступені абмежаваная ў распаўсюджваньні ў грамадзтве.

Гамафобія ж — паняцьце бязьмежнае, абстрактнае, бо ня мае юрыдычнай фармулёўкі. Пры гэтым ніводная партыя, ніводны палітык, ніводная палітыкеса не абараняюць правоў мясцовых геяў і лесьбіянак. Чаго няма на паперы — як бы няма й на яве. Менавіта праз гэтую “адсутнасьць”, “неіснаваньне” ў публічнай сфэры пытаньне гомасэксуальнасьці стыгматызуецца й асацыюецца ў бальшыні насельніцтва з хваробай, паталёгіяй. Таму на адну дошку ў нас ставяць гомасэксуальнасьць і пэдафілію, гомасэксуальнасьць і алькагалізм.

Гамафобія і беларусафобія маюць розную дынаміку разьвіцьця, але іх яднае эфэкт маргінальнасьці.

Стыгматызацыя не вядзе аўтаматычна да разуменьня аднымі загнанасьці іншых. Наадварот, мы маем справу з парадаксальнай сытуацыяй, калі прадстаўнікі адной маргіналізаванай групы не разумеюць, не адчуваюць праблемаў прадстаўнікоў іншае маргіналізаванае групы.

Яшчэ Жан–Поль Сартр заўважыў парадокс у нежаданьні аднымі маргіналамі “адчуць” іншыя формы маргіналізацыі. У дадатак, часьцяком маргінал можа ператварыцца ў “аб′ект саманянавісьці”: напрыклад, габрэй–антысэміт, гомасэксуаліст–гамафоб альбо жанчына, якая ненавідзіць жанчынаў.

Дыд′е Эрыбон, філёзаф і абаронца гейнай справы, у кнізе “Развагі аб гейным пытаньні” апісвае геяў і лесьбіянак, якія самі зьяўляюцца гамафобамі. Сымона дэ Бавуар, з свайго боку, у творы “Другі пол” цудоўна апісала адсутнасьць усялякай салідарнасьці паміж жанчынамі, асабліва багатымі і беднымі.

У Беларусі можна быць беларусам і беларусафобам, беларускамоўным і гамафобам, геем — што ўжо зьяўляецца стыгматай у нашым грамадзтве — і антысэмітам. На жаль, факт маргіналізаванасьці не заўжды робіць маргінала больш гуманным і адкрытым для зразуменьня маргіналізацыі іншых.

Каб ня быць галаслоўнымі, узгадаем некаторыя беларускія прыклады “падвойнай маргіналізаванасьці”. Гэтак, напрыклад, улетку 2001 году Зянон Пазьняк адзначыў, што Захад зусім не цікавіцца беларускай культурай і дасылае ў Менск адкіды сваёй цывілізацыі — прафэсараў фэміністак і гомасэксуалістаў (!) 1. Другі прыклад — заява моладзевага форуму, які не дазволіў асацыяцыі геяў і лесьбіянак “Лямбда” ўдзельнічаць у акцыі.

Зрэшты, мясцовыя геі таксама хварэюць на аднабаковасьць, ці “двайную маргіналізаванасьць”. Як заўважае ў сваіх інтэрвію Эдвард Тарлецкі, “шмат чытачоў часопісу “Forum–Lambda” не задаволеныя беларускаю мовай пэўных артыкулаў і аддаюць перавагу расейскамоўнаму кантакту”.

Аналізуючы прынцыповае непаразуменьне паміж беларускамоўнымі й гомасэксуальнымі асобамі, прыходзіш да высновы, што людзі — вельмі рацыянальныя істоты, якія не жадаюць уваходзіць у дэталі праблемаў іншых, тым больш калі размова ідзе аб маргіналізаваных групах. Чужыя стыгматы палохаюць. Беларускамоўныя не жадаюць разумець, у чым сутнасьць праблемаў “сэксуальнай меншыні”, у сваю чаргу, геі й лесьбіянкі ў пэўных сытуацыях гідзяцца чытаць і чуць беларускую мову — маргіналізаваную гетэрасэксуальнай бальшынёй іхнага атачэньня.

Нягледзячы на цяперашні, здавалася б, безнадзейны стан гейнага руху ў Беларусі, у будучыні ён мог бы займець магутнага хаўрусьніка ў барацьбе за свае правы. На Захадзе адстойваньне прынцыпаў сацыяльнай, нацыянальнай і полавай роўнасьці знаходзіцца ў цэнтры ўвагі партый левага кірунку. Артыкуляваньне інтарэсаў меншасных нацыянальных супольнасьцяў, менш прывілеяваных сацыяльных групаў і адначасна іншых меншасьцяў, у тым ліку геяў, як гэта робяць левыя на Захадзе, можа прывесьці да пэўных палітычных перамог. Тут трэба адзначыць асаблівую ролю сацыял–дэмакратаў, што традыцыйна лічацца першымі абаронцамі геяў і лесьбіянак.

У Беларусі сацыял–дэмакраты покуль кволыя, каб пакласьці ў кошык уласных праблемаў турботы гэтак званай “сэксуальнай меншыні”. Таму партыі маўчаць і ня робяць захадаў для падтрымкі мясцовых гомасэксуалістаў, хаця, магчыма, і “спачуваюць” з нагоды дыскрымінацыі актывістаў гей–руху краіны.

Якім шляхам яшчэ можна палепшыць лёс сэксуальнай меншыні?

Толькі праз улучэньне іх патрабаваньняў, пакуль сацыяльна–культурных, у праграмы іншых рухаў і партый — больш пасьпяховых у палітыцы. Гэта — першы крок да самасьцьверджаньня ў публічнай сфэры. У нас пакуль размова ідзе толькі пра сацыяльна–культурныя патрабаваньні (прызнаньне, недыскрымінацыя, рэабілітацыя), тады як у краінах Заходняй Эўропы геі й лесьбіянкі патрабуюць пашырэньня палітычна–эканамічных, а таксама рэлігійных правоў.

Але ж зусім неабавязкова глядзець увесь час на Захад. Дзеля легітымізацыі й пасьпяховай заваёвы публічнай сфэры гей–рух можа карыстацца досьведам беларускага нацыянальнага руху. Гэты рух выпрацаваў салідную тэарэтычную, а таксама практычную базу для легітымізацыі беларускай культуры. Безьліч пісьменьнікаў і пісьменьніц стварылі тэксты, якія сёньня замінаюць афіцыйным беларусафобным асобам ануляваць беларускую культуру наагул. Немагчыма сьцерці з памяці энтузіястаў беларускай культуры, хай нават для кагосьці яны існуюць толькі ў назвах вуліцаў, плошчаў ці станцыяў мэтро.

Зразумела, беларускі гомасэксуальны рух ня мае гэткай маштабнасьці. Эдвард Тарлецкі — адзіны энтузіяст мясцовага гей–руху, дый тое ён вядомы амаль выключна ў Менску.

Бальшыня нашых гуманітарных інтэлектуалаў у асноўным прадукуюць гетэрасэксуальныя каштоўнасьці. Маленькі твор Адама Глёбуса “Гомік”, безумоўна, ня робіць рэвалюцыі. Наагул, тэма гомасэксуальнасьці амаль адсутнічае ў беларускай літаратуры; нават калі й узгадваецца, дык усё з чорным адценьнем (прыклад — тое ж апавяданьне “Гомік” Глёбуса альбо “Ваўчыная яма” Васіля Быкава, дзе паміж іншым згадваецца тэма фізычнага гвалту ў войску).

Вось і тупік: адсутнічае тэма гомасэксуальнасьці ў нашай літаратуры, мастацтве. Як кажа адзін мой знаёмы: “Пачакай, пакуль не да гомасэксуальнасьці. Трэба сьпярша з мовай разабрацца!” Быццам змаганьне за правы геяў і лесьбіянак аўтаматычна выключае барацьбу на беларускамоўным фронце. Здаецца, усё можна рабіць блёкава, тым больш што гомасэксуалісты складаюць немалую частку нашага грамадзтва. Хай літаратура маўчыць пра гэта, хай публічныя асобы сьцьвярджаюць, што “гомасэксуальнасьць не ўласьцівая беларусам”, гамафобія якраз сьведчыць пра адваротную тэндэнцыю.

Уладзіслаў ГАРБАЦКІ — палітоляг, выпускнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Жыве ў Менску.
Часопіс “ARCHE”-№ 2 (25), 2003

Паводле ARCHE "Пачатаk" magazine

Аўтар артыкулу: Уладзіслаў ГАРБАЦКІ

Рэйтынг:
 (галасоў: 6)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte