Сёння 19 траўня
Грамадзтва

За каго галасуюць геі, лесьбійкі, бісэксуалы і ... Лэдзі Гага?

За каго галасуюць геі, лесьбійкі, бісэксуалы і ... Лэдзі Гага?

Зусім не “элеганцкае” змаганьне заходніх партыяў і рухаў за кожны голас выбарнікаў напярэдадні чарговых выбараў, а таксама намацваньне электаральных чаканьняў у палітычны спакой, калі выбараў не чакаецца, сталіся ў цэнтры дэталёвых дасьледаваньняў паводзінаў, густаў і чаканьняў электарату Францыі, - піша публіцыст і палітолаг Уладзіслаў Гарбацкі ў сваім артыкуле, апублікаваным у часопісе "Архэ".

Ужо сяньня мы можам сьцьвярджаць, што ўнутры беларускай гей-супольнасьці былі і ёсьць як пераканыя левакі (напрыклад Сяргей Андросенка), так і правакі (прыгадайма тут былога лідара гей-руху Эдварда Тарлецкага). Значная частка геяў і лесьбіяк застаюцца адданымі прыхільнікамі правіцы, хоць мясцовая правіца ўсё яшчэ ігнаруе гэты рэсурс і застаецца надзвычай гамафобнай. Калі ва ўмовах аўтарытарызму і штучнасьці выбараў наагул мясцовая правіца можа сабе дазволіць быць гамафобнай і ігнараваць галасы сваіх патэнцыйных прыхільнікаў сярод геяў, то ва ўмовах дэмакратыі зьменіцца і кансэрватыўная правіца. Бо ад гэтага будзе залежыць ейная рэальная вага ў грамадзтве і палітыцы.

1. Gays, bis et lesbiennes : Des minorités sexuelles ancrées à gauche, François Kraus, Chef de groupe au département Opinion et Stratégies d’Entreprise, IFOP, N°8, Janvier 2012

2. Didier Lestrade, Pourquoi les gays sont passés à droite, Le Seuil, 142 p., 2012.

3. Isabelle Fringuet-Paturle et Jérémy Patinier, Tintin est-il de gauche? Astérix est- il de droite?, Editions de l'Opportun, 2012.

Адразу тры манаграфіі зьявіліся на пачатку 2012 году, прысьвечаныя маладасьледаваным тэмам электаральных паводзінаў пэўных груп насельніцтва на Захадзе наагул і, у прыватнасьці, у Францыі. У Францыі яны часткова прымеркаваныя да хуткіх прэзідэнцкіх выбараў, што маюцца адбыцца ўвесну 2012. Аўтараў і аўтарак сацыялягічнага дасьледаваньня (Франсуа Краўс і калектыў цэнтру “Думка і Стратэгія прадпрыемства”), паліталягічна-папулярнай працы (“Тэнтэн –за лявіцу, Астэрыкс –за правіцу” Ізабэль Фрынге-Пат’юрль і Жэрэмі Патынье) і публіцыстычна-навуковага эсэ (“Чаму геі галасуюць за правіцу?” Дыд’е Лестрада) цікавіць пытаньне за каго галасуюць мяньшыні і поп-культура? Гэтым разам разглядаюцца такія мяньшыні, як геі, лесьбійкі і бісэксуалы. У дадатак, у працы Ізабэль Фрынге-Пат’юрль і Жэрэмі Патынье паўстае, дадушы, новая і цікавая тэма электаральных паводзінаў зорак поп-культуры. За каго галасуюць артысты, артысткі, зоркі шоў-бізнэсу і спорту наагул? Якія каштоўнасьці артыкулююцца і перадаюцца ў поп-вобразах і вобразах спажывецкай культуры? Ці можам мы ахапіць палітычную належнасьць такіх вобразаў, як Барбі, сьвяты Мікола? Якім чынам фэйсбук і твітэр спрыяюць палітычнай адукацыі і падзелу грамадзтваў на правіцу і лявіцу? За каго галасуюць, гуляючы героі анімацыі і тэленавэляў? Усе гэтыя пытаньні разглядаюцца ў працы праз прызму паліталягічную. Поп-культура месьціцца ў цэнтры паліталягічнай увагі. У дадатак, дадзеная праца вяртае нас у сьвет жорсткай рэчаснасьці і цьвердзіць, што нядаўна яшчэ пахаваны падзел на правіцу-лявіцу, зноў набывае вартасьць і сэнс. У часіны крызы і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Францыі, напрыклад, зноў актуальнай становіцца спрэчка паміж лявіцай і правіцай. І гэта прытым, што апошнім часам, сапраўды, многія вартасьці і мадэлі, уласьцівыя нібыта выключна лявіцы ці правіцы, пачалі мутаваць і станавіцца ўнівэрсальнымі ў пэўнай ступені. Так, напрыклад, экалягічная турбаванасьць ці адкрытасьць у пляне фэмінізму цяпер зьяўляюцца рысамі як лявіцы, так і правіцы. Хоць раней гэтыя тэмы належылі кампэтэнцыі лявіцы. Нядаўна яшчэ правіца Францыі адкрывалася і сьмела артыкулявала такія тэмы, як гей-бацькоўства, эўтаназія, удзел імігрантаў у мясцовых выбарах, сяньня ж яна зноў кансэрвуе былую сьмеласьць і хаваецца ў дыскурсах вядомых, старых, так бы мовіць тыповых для яе.

Працы, прысьвечаныя электаральным паводзінам геяў і лесьбіяк, упісваюцца ў традыцыю дасьледаваньня раней маргінальных, а цяпер мінарытарных груп і груповак. У Францыі такія сур’ёзныя і глябальныя дасьледаваньні вядуцца ўпершыню, не абыйшлося тут, канечне, без ўплыву амэрыканскага падыходу ў вывучэньні ўсіх пластоў грамадзтва і іх стаўленьня да палітыкі. Ёсьць тут і вельмі рацыянальныя тлумачэньні падобнаму дасьледаваньню. У Францыі геі і лесьбійкі скаладаюць прыблізу 6,5% (альбо 3, 2 млн. чалавек) насельніцтва. У краіне “неэлеганцкіх перамогаў” падчас выбараў гэтая лічба можа вырашыць усё, як гэта было ў апошнія прэзідэнцкія выбары, калі зусім каліўка галасоў абумовіла перамогу спадара Сарказі. У Францыі геі складаюць такую актыўную палітычную мяньшыню, як мусульмане, якія маюць права голасу (гэта 5% насельніцтва) ці актыўныя каталікі-нядзельнікі (4,5%). Зрэшты, дадзенае дасьледаваньне сталася надзвычай гострым і актуальным на тле таго, што напярэдадні выбараў зноў вярнуліся, у асноўным унутры правіцы, старыя страхі і адпаведна дыскурсы кансэрватыўнага, а калі-нікалі і абскурантысцкага кшталту наконт абароны сямейных традыцыйных каштоўнасьцяў і адмовы асноўнай правіцай падтрымаць ідэю прызнаньня гей-шлюбу. Рэакцыяй на падобны выбух кансэрватызму сталася новая мабілізацыя геяў і лесьбіяк і тэндэнцыя да іх большага схілу да лявіцы (так, 50% францускіх геяў і лесьбіяк схільныя да лявіцы супраць 37% гэтэра; 53 % геяў будуць галасаваць за сацыяліста Франсуа Алянда). Цікава, што вынікі сацыялягічнага апытаньня і аналізу электаральных паводзінаў і прэфэрэнцыяў геяў, лесьбіяк і бісэксуалаў супярэчаць высновам другой працы, прысьвечанай палітычным, ідэалягічным прэфэрэнцыям геяў і лесьбіяк. З назвы кнігі Дыд’е Лестрада (“Чаму геі галасуюць за правіцу?”) бачна, што геі схіляюцца да правіцы. Так лічыць стэрэатып, які часткова спраўджваўся рэчаіснасьцю. Гістарычна вядомыя постаці і вобразы геяў (пісьменьнікі ды дзеячы, якія ў мінулым спалучалі ўласную гомасэксуальнасьць і досыць кансэрватыўную, правую палітычную пазыцыю (Марсэль Жуандо, Анры дэ Мантэрлян, Жульен Грын, Андрэ Бадры, Марыс Саш ды іншыя)), якія зьяўляліся сымбалямі буржуазнасьці, заможнасьці, кансэрвтатызму, а часам і цемрашальства.

Натуральна, што сяньня пэўная, хоць і малая частка геяў і лесьбяік галасуюць кансэрватыўна, а часам і радыкальна кансэрватыўна (за Народны Фронт Мары Лё Пэн, напрыклад). Так, паводле ўзгаданага вышэй сацыялягічнага апытаньня, 17% геяў і лесьбіяк сымпатызуюць ўльтра-правіцы (на тле 20% бісэксуалаў і 19,5 % гэтэра). Тады размова вядзецца пра “правізацыю” геяў. Аднак гэта хутчэй нетыповыя электаральныя паводзіны, уласьцівыя дадзенай катэгорыі.

Зрэшты сяньня сытуацыя іншая: як ужо пазначалася вышэй, нежаданьне правіцы адкрывацца ў такіх пытаньнях, як гей-бацькоўства, адаптаваньне геямі і лесьбіяйкамі дзяцей, карэктуе стэрэатып і стварае новую тэндэнцыю – большае схіленьне геяў у бок лявіцы (так бы мовіць, іх “левізацыя”), а таксама палітычная актывізацыя (88 % геяў зьяўляюцца палітычна актыўнымі, што праяўляецца ў далучанасьці да пэўнай партыі, тады як сярод гэтэра гэты паказьнік складае 75 %).

Такім парадкам, дзьве падобныя па тэматыцы кнігі нясуць адрозныя пасланьні і вынікі. Мы бачым на прыкладзе гэтых працаў, як сутыкаюцца падыход навуковы, рацыянальны, глябальны, адцягнуты і падыход актывісцкі, мілітантысцкі, публіцыстычны, часам эмацыйны і вельмі асабісты. У першым выпадку мы маем справу з лічбамі і сацыялягічнымі апытаньнямі, з навукай, шырэй кажучы, у другім – з асабістымі развагамі і заўвагамі, то бок з вузкім, суб’ектыўным падыходам.

Нарэшце, трэцяя ўжо прыгаданая праца, аб тым як галасуе поп-культура, дэманструе як паліталягічны аналіз у гістарычным разрэзе адсочвае ідэалягічную эвалюцыю электаральных і палітычных паводзінаў зорак поп-сьвету. Ёсьць зоркі, якія эвалюцыянуцюь ад апалітычнага да левага дыскурсу (напрыклад, Лэдзі Гага, Кайлі Міноўг ці Мілен Фармёр, якія ўвайшлі ў поп-культуру спачатку як выключна камэрцыйныя і хутчэй апалітычныя праекты, але затым, з цягам часам і з фармаваньнем стабільнага вобразу, сьпявачкі наклалі ўласныя пажаданьні і густы на палітычнае, публічнае, у выніку чаго паўсталі пераважна левыя карціны сьвету гэтых мегазорак англамоўнага і франкамоўнага сьвету адпаведна). Падтрымка ўзгаданымі зоркамі гей- і лесьбі-справы, іх выразна фэмінісцкія пасланьні, зялёныя спачуваньні, усё гэта сьведчыць пра іх левізацыю. Прыгэтым ёсьць музы музычнага і кінасьвету, якія нязьменна спрыяюць адной справе, адной канкрэтнай ідэалёгіі (Катрын Дэнёў, як пэўная амбасадарка францускай лявіцы, Брыжыт Бардо, як натхняльніца лявіцы і зялёніцы, Мірэй Мат’ё, як амбасадарка мясцовай правіцы; Мадона, як натхніцелька і муза амэрыканскай лявіцы і г.д.). Вядома, што ступень папулярнасьці зоркі ніякім чынам не зьвязаная з палітычнай арыентацыяй, насамрэч, тут усё вельмі наблытана, намяшана і індывідуальна. Тым ня менш, можна заўважыць пэўную тэндэнцыю да левізацыі мегазорак, папулярнасьць якіх, дадушы, унівэрсальная коштам іх адкрытасьці і артыкуляваньня глябальных, уласьцівых усім каштоўнасьцяў і пачуцьцяў. Аўтары заўважаюць, што ў 21-ым стагодзьдзі мы жывямо ў “амальгамную” эпоху, калі дыскурсы сучасных лявіцы і правіцы мяшаюцца, узаемна натхняюцца, а лідары выкарыстоўваюць рэсурсы, каштоўнасьці, трукі, уласьцівыя раней іх ідэалягічным ворагам. Так, Марына Лё Пэн зьвяртаецца да традыцыйна левых тэмаў, напрыклад, змаганьне за сьвецкасьць Дзяржавы; правіца рэкрутуе ў свае шэрагі выбітных левых дзеячоў, а лявіца часам становіцца досыць кансэрватыўнай у сфэры адукацыі, мовы ці эканомікі. Натуральна, што дадзеная амальгамнасьць уласьцівая ўсяму грамадзтву, у тым ліку поп-культуры, пратаганісты і пратаганісткі якой спалучаюць разнашэрстныя элемэнты, натхняюцца ў розныя пэрыяды існаваньня адрознымі і часам антаганістычнымі мадэлямі, каштоўнасьцямі. Такім чынам, не зважаючы на штучнасьць і адцягнутасьць поп-сьвету, у палітычнай пэрспэктыве ён увасабляе хутчэй звычайнае грамадзтва, у якім суіснуюць адрозныя падыходы і погляды, у тым ліку радыкальныя.

Аўтар артыкулу: Уладзіслаў Гарбацкі

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte