Сёння 1 жніўня
Грамадзтва

Этнаграфія гомасэксуальнасьці ў Беларусі: «Загорнутыя ня ў тую кашулю»

Этнаграфія гомасэксуальнасьці ў Беларусі: «Загорнутыя ня ў тую кашулю»

На Віцебшчыне і Міншчыне, калі нараджалася дзяўчынка, павітуха загортвала яе ў мужчынскія споднія нагавіцы і абавязкова бацькоўскія, каб яе ў будучым любілі хлопцы, а хлопчыка — у сарочку маці, каб любілі дзяўчаты.

Шмат каго ў Беларусі па сёньня зьдзіўляе той факт, што і ў нашай краіне ё гомасэксуальнасьць: ня толькі на “разбэшчаным Захадзе” ці “жывёльным Усходзе”, але ж і ў “нармальнай Беларусі”. Нават калі літаратура, палітыка, навука маўчаць аб ёй, гэта не азначае, што яе няма. У нашай краіне, проста, яна не мае назвы, аб ёй не гавораць, як не гавораць, дарэчы, аб эўтаназіі ці яшчэ якім падобным табу грамадзтва. “Каханьне, што не мае назвы” ці “неўласьцівасьць беларускаму народу” — вось чым зьяўляецца гомасэксуальнасьць па–беларуску, калі прыбегчы да цытаваньня клясіка ў першым выпадку і цытаваньня сучаснага мясцовага палітыка–цемрашала ў другім. Мясцовыя гуманітарныя навукі, якія звычайна больш сьмелыя і адкрытыя ў апісаньні грамадзкіх пытаньняў, праблемаў, жахаў, фобіяў і ў вызначэньні апошніх павеваў, таксама маўчаць: праўда, не таму, што, сапраўды, гомасэксуальнасьці няма ў нас, а таму што загадана маўчаць аб гэтым, абыходзіць, ігнараваць, і толькі падкрадня сьмяяцца і жахацца.

Тым не менш, пэўныя нашы навукі — этналёгія напрыклад — маглі бы здаўна распавясьці грамадзтву аб мясцовым забароненым каханьні. Канечне, усе ведаюць чаму гэта не зрабілі нашы навукоўцы раней, і не робяць цяпер, а таму з гіганцкім спазьненьнем самі робім гэта. На сумленьні нашых навукоўцаў, але ж перадусім літаратараў і іншых вольных інтэлектуалаў застаецца замоўчваньне гэткіх тэмаў як гомафобная праблема, гомасэксуальныя боль і адзінота і, наагул, разнастайныя каханьне і сэксуальнасьць.

Гэткім парадкам, перойдзем да ўласна тэмы нашай працы. Натуральна, у Беларусі гомасэксуальнасьць не вымалёўваецца гэтак жа выразна як, напрыклад, у старажытнай Грэцыі ці сучасных заходніх дэмакратыях, яна існуе сакрэтна, прыхавана і вельмі мудрагеліста завуалявана (і, дарэчы, ня толькі ў гарадох, але ж таксама ў вёсках, калгасах). Калі ў гарадох гомасэксуальнасьць разьвіваецца на заходні капыл: у Менску, Гомлі і, мабыць, іншых буйных гарадох краіны ствараюцца своеасаблівыя гета — як рэальныя, гэтак і віртуальныя (асабліва апошнія) — асацыяцыі, кавярні, дыскатэкі, віртуальныя старонкі, прыватныя кватэрныя і хатнія сустрэчы, то ў вясковай мясцовасьці захоўваецца лякальны каларыт. Зразумела, што пра гета там няма ніякай размовы: лесьбійскія пары ці проста дзьве жанчыны (бо ніхто ў вёсцы не аперуе гэткімі паняткамі як “лесьбійства” ці “гомасэксуальнасьць”), жывуць адначасова адкрыта і прыхавана: адкрыта, гэта значыць, што жывуць яны афіцыйна ў аднэй кватэры ці хаце, але ж прыхавана, бо яны не афішуюць характару сувязі. Звычайна жывуць “сяброўкамі”, хаця частка ці амаль уся вёска ведае як жывуць партнёркі. На Аршаншчыне ў аднэй вёсцы пара лесьбіяк жывуць разам вось ужо шмат гадоў (18, калі быць дакладным), самі кабеты ўжо даўно не маладухі, а паважаныя жанчыны. Жыхары той вёскі кажуць: “Яны жывуць разам” і ў гэтым “жывуць” заключана ня толькі тое, што яны жывуць пад адной кроўляй, а менавіта “жывуць” у сэнсе “як мужык з жонкаю”, як мне патлумачылі жыхары тэй аршанскай вёскі (назву вёскі па просьбе апытанай пары жанчынаў не называю), дзе я зафіксаваў адну сталую лесьбійскую пару. Цікава і парадаксальна, але ж ніякай агрэсіі супроць іх не праяўлялася і не праяўляецца, што тлумачыцца, напэўна, тым, што дужа сваёй амурнай сувязі яны не афішуюць, лесьбійства ў іх сітуацыі застаецца прыватнай, схаванай справай. Не вядома як разьвілася б сітуацыя, калі б публічна кабеты аб′явілі аб сваім хаўрусе. Іншая, таксама вясковая лесьбійская пара (зафіксаваная на Полаччыні) аналягічна першай не афішуе сваёй сувязі, а таму жыве мірна і амаль гарманічна, калі можна гэтак сказаць у дачыненьні да сувязі, якую баяцца адкрыць і паказаць. Цікава, што мужчынскіх гомасэксуальных параў у вёсцы не зафіксавана падчас маіх шматлікіх росшукаў, хаця веды аб мужчынскай гомасэксуальнасьці зафіксаваныя. Як і чакалася, гомасэксуальнасьць (пагатоў мужчынская) ўспрымаецца там як катэгарычна адмоўная зьява, вар′яцтва, хвароба, вычварэнства ці, паводле віцебскага папоўскага стараверства, як “бязбожжа”, як “праява таго, што ў чалавека ўсяліўся нячысьцік, антыхрыст” . Віцебскія стараверы–беспапоўцы надта не адрозьніваюцца ад мясцовых праваслаўных ці каталікоў у сваёй крытыцы гамасэксуальнасьці, кажучы, што “чалавек, які носіць крыж на гэта (=гомасэксуальнасьць) не пойдзе” .

Сама назва “гомасэксуальнасьць” не вядомая вясковым беларусам — я ніводнага разу не зафіксаваў яе, затое запісаў гэткія ейныя адмоўныя апісаньні–паняткі: “гаўномяшаньне” і “мужалоўства”. Апошняе сустракалася рэдка і пераважна з вуснаў актыўных праваслаўных вернікаў. А вось першы панятак сустракаўся часта сярод людзей, якія, як самі адзначалі яны, “не вераць ані богу, ані чорту”. У Сеньненскім раёне, што на Віцебшчыне, адна кабета падрабязна апісала мне механіку гомасэксу, што, натуральна не можа не ўразіць. Хоць і апісвалася ўсё як, даруйце, “гаўномяшаньне”, тым не меньш, тая кабета гэтак дэталёва і калярытна апісала сэксуальны кантакт “між мальцамі”, што склалася ўражаньне: кабета не магла тое ўявіць, а, па ўсім відаць, бачыла тое на свае вочы. Хаця ё верагоднасьць таго, што бачыла яна тое па тэлевізіі, па нейкім расейскім канале напрыклад, удакладніць то цяпер няма як. Як бы там ні было ў выпадку з сеньненскай інфарманткай, паводле іншых размоваў з беларускімі вяскоўцамі/вяскоўкамі зразумела адно: беларуская вёска сутыкалася/сутыкаецца з гомасэксуальнасьцю.

І так зьвернемся да клясічнай этналёгіі, што вывучае радзіныя звычаі і абрады. Шматлікія дасьледнікі ( Шлюбскі А., Пяткевіч Ч., Кухаронак Т. ды іншыя) гэтай галіны адзначаюць адзін цікавы момант: пры нараджэньні дзіцяці павітухі загортвалі народжанага/народжаную ў вопратку бацькоў: так, напрыклад, дзяўчат загортвалі ў споднія нагавіцы бацькі, “каб мальцы любілі” і, наадварот, хлапчукоў загортвалі ў матчыну сарочку, “каб за ім дзеўкі бегалі”. У традыцыйным грамдзтве гэткая гэтэрасэксуальная біпалярнасьць цалкам натуральная і чаканая, але ж чаму этнолягі і этналягіцы ня йдуць далей, не шукаюць адказу на пытаньне, што натуральна паўстае: што калі не загарнуць народжанага дзіцёнка паводле апісанай звычцы, альбо загарнуць, парушыўшы ўсталяванае правіла: хлапчука, напрыклад, у бацькавы нагавіцы, а дзяўчынку, адпаведна ў матчыну сарочку? Тады пажаданьні–прадпісаньні рытуала таксама зьдзяйсьняцца? Што тады за хлапчуком будуць бегаць мальцы, а ў дзяўчынку закахаюцца дзеўкі? На Віцебшчыне, сапраўды, сяньня там–сям прыгадваюць гэткую традыцыю загортваньня дзяцей у вопратку бацькоў абавязкова супрацьлеглага полу, цяпер жа, натуральна, калі жанчыны нараджаюць у бальніцах, дзяцей там загортваюць у коўдры, прасціні, пялюшкі ці яшчэ што, таму можна сказаць узгаданая цікавая традыцыя зьнікла. Хаця, паўтаруся, некаторыя віцебскія бабулькі яшчэ сяньня прыгадваюцюь традыцыю і нават некаторыя з іх самі былі загортаныя пры нараджэньні паводле апісанага рытуала. Між іншым, я задаў пытаньне: “Што ж калі парушыць правіла і пераблытаць вопратку бацькоў пры загортваньні? Што тады будзе?” Бабулькі з Талачыншчыны, напрыклад, адказалі з уласьцівай ім мудрасьцю: “Ды нічога асаблівага”, хаця адна дадала, што паблытаўшы вопратку, бацькі “блыталі”, “бунтавалі” ўсё жыцьцё дзіцёнка. Ён мог стаць “п′яніцам”, а яна “гульлівай”. Пра гомасэксуальнасьць, як яшчэ адну “блытаніну” ў жыцьці, бабулі не ўзгадвалі, хаця адна талачынская бабулька распавяла, што нейкую Марту загарнулі не ў бацькавы нагавіцы, а ў матчыну сарочку (бо ў яе проста не было бацькі), дык “потым тая Марта жыла абыяк, так і не ажанілася, у дзеўках адседзіла”, а “ў бок мальцаў так і не глядзела”, хоць і “красівая была тварам”. Ці сапраўды зьвязаная “ненармальнасьць” Марты з памылкай падчас нараджэньня і загортваньня немаўля ня ў тую кашулю, як таму даюць веры талачынскія бабулькі?

Не зважаючы на тое, што простай сувязі паміж традыцыяй загортваньня немаўлят і ейным парушэньнем і гомасэксуальнасьцю не зафіксавана, а толькі нязначныя алюзіі, у дачыненьні да сяньняшняй беларускай гомасэксуальнасьці ўсё ж–ткі можна ўжыць гэтую рамантычную, хоць і гамафобную ў існасьці, вобразнасьць: “загорнутасьць ня ў тую кашулю”.

Аўтар артыкулу: Уладзіслаў Гарбацкі

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte