Сёння 7 траўня
Грамадзтва

Малы беларуска-беларускі слоўнік любоўных паняццяў

Малы беларуска-беларускі слоўнік любоўных паняццяў

Беларускія сінонімы:

Абдоймы – абдымкі.

Атуляць – абдымаць, ахінаць (цяплом, пяшчотай).

Буська, буся — лёгкі пацалунак. Слова абсалютна беларускае, і ў нашых суседзяў амаль не сустракаецца (вось прагугліце яго!). «Дай бусю!» — пацалуй! Просяць як малых, так і вялікіх.

Датклівы — чуллівы, далікатны.

Жарсць — страсць, палкасць, захапленне.

Жарсны — палкі, гарачы ў каханні.

Заляцацца да жанчыны (мужчыны) — рас. ухаживать за женщиной (мужчиной), анг. to рay court to a woman (man).

Залёты — рас. ухаживания, анг. courting.

Залётнік — кавалер, рас. ухажёр.

Замілаванне — любоў, шчасце.

Каханак≠палюбоўнік. Вы закаханыя адно ў аднаго? Значыцца, вы каханкі, і няважна, жанатыя вы ці вы не, і ці жанатыя ўвогуле. А вось палюбоўніца (палюбоўнік) можа з'явіцца толькі ў жанатага мужчыны (замужняй жанчыны).

Лашчыць – гладзіць, пяшчотна датыкацца.

Любасць — любоў.

Любоў≠каханне. У сучаснай беларускай мове значэнні гэтых словаў не заўсёды супадаюць. Любоў можа быць да маці, а каханне – да дзяўчыны. Разам з тым, чуллівае і жарснае каханне да дзяўчыны можа перарасці ў глыбокую і ўсёабдымную любоў да яе. А вось рух у супрацьлеглы бок, ад любові да кахання, не заўсёды магчымы. Недарэчна будуць гучаць выразы «каханне да маці», а таксама «каханне да Радзімы» або «каханне да кнігі».

Пабрацца шлюбам — ажаніцца.

Узяць шлюб — ажаніцца.

Улялюшчыцца па самыя вушы — моцна закахацца, утрэскацца. Гэты выраз ужываецца з адценнем жартаўлівасці.

Не абмінем мы сваёй увагай і любоўныя эпітэты. Пададзеныя ніжэй ланцужкі дапамогуць апісаць сваё захапленне жанчынай ці мужчынам, бо пададзеныя ніжэй прыметнікі могуць, зразумелая рэч, з лёгкасцю памяняць свой род.

Прыгожая, гожая, харошая, пекная, грэчная, красная. файная.

Чароўная, цудоўная, вабная, прывабная, прываблівая, панадная, дзівосная, дзіўная.

Вытанчаная, вышуканая, далікатная, зграбная.

Асляпляльная, шыкоўная, раскошная, невыказная, невымоўная, ашаламляльная.

Паводле Газета "Наша Ніва"

Аўтар артыкулу: Сямён Цыбульскі

Рэйтынг:
 (галасоў: 2)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte