Сёння 1 жніўня
Грамадзтва

Пра манернасць праз прызму лінгвістыкі і культуралогіі

Пра манернасць праз прызму лінгвістыкі і культуралогіі

Як усё–такі змяняюцца густы ў людзей. Да караля Людовіка 14 у Францыі нават і не ведалі, што такое манеры, этыкет, не балявалі згодна парадку і цырыманіялу, напэўна, і манернасці, як з′явы ўвогуле не існавала.

Раскажу факт з уласнага жыцця. Пры маім першым знаёмстве з хлопцам (а мне тады быў 21 год) сярод фразаў было пытанне, ці не манерны я. Ну адкуль мне было ведаць, што хлопец у дадзеным выпадку мае на ўвазе? І я, напаўправінцыйны хлопец, падумаў, што, напэўна, жадаюць мяне звадзіць у рэстаран і баяцца, што я зусім не ўмею паводзіць сябе на людзях, няправільна трымаю відэлец і лыжку. Абураны такой вось нахабнасцю з боку гарадскога жыхара, я з горда паднятай галавой адказаў: “Так! Я манерны!” На гэтым нашая размова скончылася, а я застаўся сам–на–сам са сваімі разважаннямі…

Напэўна, трэба пачаць з гісторыі дадзенай з′явы, а менавіта, з узнікнення самаго слова. Манеры, як з′ява, што да праўлення Людовіка 14 зусім не была пашыраная, праходзілі вельмі складаны шлях. Увогуле, этыкет стаў этыкетам праз складаную сістэму паводзін. Калі браць ад самага пачатку, то этыкет мае вытокі ў абрадах. Любыя дзеянні, якія выконвалі жрацы на абрадах, мелі пэўную паслядоўнасць. І нельга было іх парушаць ні ў якім разе. Манеры, якія мелі тыя ці іншыя жыхары пэўных плямёнаў, насілі адрознівальную функцыю. Плямёны ваўкоў елі толькі мяса, плямёны мядзведей — мёд і маліны, зрэдку падпітваючыся мяснымі прадуктамі… Усё гэта нам на сённяшні дзень здаецца вельмі дзіўным, аднак менавіта дзякуючы манерам адбывалася самаідэнтэфікацыя полавай прыналежнасці. Мужчына, як вечны дабытчык, павінен быў паводзіць сябе мужна, жанчына, як вечная захавальніца сямейнага дабрабыту, павінна была паводзіць сябе па–жаноцку. І такія ўстоі здаваліся вечнымі, непарушнымі, калі б чалавек не пачынаў сам шукаць сабе дарогі.

Слова “манера” ў беларускую (і, адпаведна, у рускую) мову прыйшло з французскай мовы праз польскую. У французскай мове гэтае слова ўзнікла параўнальна нядаўна (дзесьці прыкладна 17 ст.) і выпрацавалася толькі дзякуючы развіццю этыкету.

Як вядома, Людовік 14 вельмі любіў жыць прыгожа, не шкадаваў грошаў у казне на пышныя балі, таму ён быў першым, хто задумаўся пра ўпарадкаванне святочных урачыстасцяў. Менавіта з ім звязанае сучаснае паняцце “дрэс–код”. Доўга думаць яму не прыйшлося, і ён вырашыў прыняць закон, паводле якога на баль маглі прыходзіць людзі, знешнасць якіх адпавядае пэўнаму набору правілаў. Перад кожным святам пры двары такія правілы публікаваліся на пэўнай паперцы, што ставілася ў цэнтры гораду на плошчы (нагадвала сучасны вымпел, які давалі ў Савецкім саюзе за розныя спаборніцтвы) і мелі назву “этыкетка”. Менавіта ў такім выглядзе слова бытавала доўгі час у Еўропе. Пасля такія этыкеткі дасылалі дадому патэнцыйным запрошаным гасцям, каб яны ведалі, што і як павінна быць апранута, і ў якім выглядзе будзе праходзіць чарговае свята, і як яны павінны сябе паводзіць у гэты час.

Дзякуючы Людовіку 14, а пасля і яго паслядоўнікам, пачалі выпрацоўвацца пэўныя паводзіны (манеры) на кожнае свята. Зразумела, што былі пэўныя пошукі ўдасканалення, аднак яны не змянялі існага ўклада, таму людзі, што былі пастаяннымі ўдзельнікамі баляў, пачалі адпавядаць такім паводзінам і на іх пачалі называць не як па–іншаму, як манерны чалавек. Таму хацелася б супакоіць гома–грамадства: не толькі мы былі і на сённяшні час з′яўляемся манернымі.

Дадзеныя цырыманіялы з поспехам праходзілі ў Еўропе, былі пазычаныя імператарам Пятром І, прывезеныя ў Расію і ўсталяваныя ў якасці ўзорных. Канешне, у дзікай Расіі не жадалі раставацца з “Дамастроем”, у якім было прапісана ўсё жыццё людзей ад “А” да “Я”, аднак нікуды не дзенешся, калі, напрыклад, за нашэнне барады ад цябе патрабавалі аплаціць падатак, а ў доказ таго, што ты яго аплаціў, павінен быў насіць шыльдачку на шыі, хаваючы яе пад тую самую бараду. І калі на вуліцы да цябе падыйдуць спытаць, ці аплаціў ты падатак на бараду (а былі штогадовыя плацяжы), то ўладальнік мужчынскага гонару і прыгажосці падымаў свае раскошы і паказваў шыльдачку. Канешне, гэта было вельмі нязручна, і больш за тое, каштавала немалыя грошы, таму нічога не заставалася рабіць, як ісці ўслед за модай і быць манерным!

Ну а што пачалося далей — усім вам вядома. Неманерных людзей пры двары не трымалі, іх не любілі, выпрацоўвалася манера гаварыць у нос, манера намазваць валасы тлушчам, каб яны блісцелі, а калі не мелі сваіх валасоў, то прывівалася манера насіць парыкі. Пасля, нягледзячы на наяўнасць сваіх валасоў, парыкі насілі ўсе. Таму манернасць стала з′явай усеагульнай, вітальнай і пажаданай. Вось бы ў наш час так?!

Мужчыны, справа якіх была на той час ужо не ў абароне сваёй дзяржавы, і не ў дабычы ежы, а ў практыцы філасофскіх ідэяў, вельмі далікатна пачалі сябе паводзіць. Вядома, што ўжо з маленства вельмі ўхвалялася насіць доўгія валасы, ласкацца да маці, бавіць час з нянькамі. І чым больш жаноцкасці (а на той час яе называлі пачуццёвасцю) было ў маладым чалавеку, тым больш верагоднасці, што ён трапіць у вышэйшы свет, у яго было. Ну як жа можна было не дапусціць да знаёмства з імператрыцай такога галантнага і ласкавага кавалера? Канешне, і той час былі такія людзі, што не ўхвалялі такіх паводзінаў, яны таксама запрашаліся на цырымоніі, але з іх пастаянна смяяліся, кпілі, абзывалі “салдафонамі”, і не мелі яны такой ласкі і пашаны ад вышэйшага свету. Вось як бывае: людзі заўсёды здзекваюцца з непадобных да большасці.

Уся гэтая брутальнасць, што прапагандуецца зараз у паводзінах маладых людзей, была прывітая нам у савецкі час. Раўняцца пачалі не на расфуфыранага прыгажуна–кавалера, а на рабочага–шахцёра, які мыцца лазіў раз у тыдзень, кожны вечар выпіваў, а пасля прыходзіў дадому і пачынаў оргіі. За такімі оргіямі, як вядома, вельмі любіў назіраць Максім Горкі. Ён жадаў, каб яго сябры не станавіліся мужланамі, і ў той час, калі яны цягнулі чарговую ахвяру на сэксуальную расправу, спяваў ім богаўгодныя песні, думаючы, што яны наступяць на шлях ісцінны…

Пачынаючы з 90–х гадоў ХХ стагоддзя, з развіццём дэмакратычных настрояў у дзяржавах былога СССР, нарэшце, прыйшла мода і да мужчын. І сёння, усё тое, што мы маем, гэта ўпіванне манерамі. Калі дазволу на іх не было раней, то зараз гэта проста перанасычанне імі, жаданне паказаць, што я не такі мужлан, як вы, а стварэнне ранімае і духоўнае. Аднак, і “бруталы” сталі не зусім бруталамі. Не для каго зараз не сакрэт, што мужчына павінен мець добрыя манеры і добры густ. І гэта правільна, бо не павінна ад цябе цягнуць супердарагімі адэкалонамі, аднак і потам — таксама!

Ну і дзе тут пра манернасць, скажаце вы. А справа вось у чым. Тое, што прыпісваюць геям за манернасць і выдаюць за яе, называецца феміннымі паводзінамі. Гэта значыць, што хлопец у пэўнай ступені паводзіць сябе як дзяўчына, паўтарае рухі, што належаць жаноцкай палове чалавецтва. І ніякага дачынення да манернасці гэта не мае. Фемінныя паводзіны — з′ява псіхалогіі, а манернасць — з′ява этыкету і культуры. Таму і адбылося ў мяне такое зблытванне, пра якое я расказаў у пачатку свайго артыкула. Хутчэй, слова манернасць трэба замяняць на феміннасць (femina — жанчына) у дачыненні да хлопцаў і маскуліннасць (masculinus — мужчынскі) у дачыненні да дзяўчат, якія валодаюць рысамі супрацьлеглага полу.

Вось і ўся праблема, якую мы бачым на сённяшні дзень.Таму не бойцеся быць манернымі. Гэта добра і павінна вітацца. А калі ў каго–небудзь не будзе жадання з вамі пасля гэтага размаўляць — не крыўдуйе на гэтага чалавека, а лепш пашкадуйце яго, што ён не манерны, а значыць да гэтых гадоў не навучыўся трымаць правільна лыжку і відэлец.

Аўтар артыкулу: Вячаслаў САВІЦКІ

Рэйтынг:
 (галасоў: 6)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte