Сёння 2 сакавіка
Навіны

Андрэй Кураеў: "50 з 300 епіскапаў уваходзяць у блакітнае лобі"

Андрэй Кураеў:

Андрэй Кураеў рапавёў Радыё Свабода пра "блакітнае лобі" ў праваслаўнай царкве, пра тое, што гомасэксуал можа быць амаль святым, і пра боязь хваравітай старасці.

"Блакітнае лобі здольнае вырашаць любыя кадравыя пытанні, нягледзячы на любыя пратэсты. Пакуль, паводле пісімістычных падлікаў (я не ўсіх ведаю, ды колькасць епіскапаў памнажаецца), гэта 50 чалавек з прыблізна 300 епіскапаў", - кажа Андрэй Кураеў.

"Калі размова ідзе пра лобі, то гэта не толькі людзі, якія датычныя да гэтага граху (гомасэксуальнасці - рэд.). Бо з пункту гледжання царквы гэта грэх. Лобі - гэта яшчэ і тыя, хто пакрывае, хто ведае, хто баіцца. У той жа Беларусі колькі гадоў таму быў выпадак, калі адзін епіскап, даведаўшыся пра такі эпізод у жыцці святара сваёй епархіі, зрабіў спробу яго звольніць. У выніку звольнілі епіскапа. Таму што з беларускага ўпраўлення прагучаў жорсткі вокрык".

Радыё Свабода: "Андрэй Вячаслававіч, якую рэакцыю выклікалі вашыя допісы наконт дзейнасць "блакітнага лобі?"

Андрэй Кураеў: "На афіцыйным узроўні мяне звольнілі з Маскоўскай духоўнай акадэміі. На неафіцыйным узроўні - якраз пагрозы падаць у суд з боку Гомельскай епархіі. І вялізная падтрымка з боку простых святароў і людзей.

Цяпер мне ўсё новыя звесткі, гісторыі, на жаль, паведамляюць. У тым ліку новыя паведамленні прыйшлі з Цвярской вобласці. Але для таго каб я размясціў гэта ў блогу, у мяне павінны быць альтэрнатыўныя паведамленні. Як, напрыклад, з гомельскай гісторыяй, калі ў мяне былі пацверджанні ад двух розных людзей".

Андрэй Кураеў кажа, што калі Гомельская епархія падасць на яго ў суд за паклёп на епіскапа Стэфана, то абедзве крыніцы, якія паведамлялі яму пра Стэфанавы сэксуальныя дамаганні, будуць гатовыя сведчыць у судзе.

Назваць імёны гэтых людзей Андрэй Кураеў пакуль адмаўляецца, бо адзін з іх дагэтуль дыякан і не сышоў з царквы.

Радыё Свабода: "Чаму гэтыя людзі ня звернуцца ў праваахоўныя органы з пазовам супраць епіскапа Стэфана?"

Андрэй Кураеў: "Звяртацца ў праваахоўныя органы безсэнсоўна: прайшло шмат часу. І ў любым выпадку гэта будзе "слова супраць слова".

Былі выпадкі, калі людзі звярталіся ў свецкі суд. Але гэта "скасоўвалася" адміністрацыйнымі і сяброўскімі шляхамі. Праўда, у іх хаця б былі наступствы. За апошнія 15 год мы ведаем 4 выпадкі, калі епіскапаў хаця б здымалі, але пераводзілі на іншае месца і не пазбаўлялі сану. А пасля іх звычайна цяпер цалкам рэабілітуюць і зноў даюць паўнату царкоўнай улады ў тых выпадках, якія пры патрыярху Аляксею хоць неяк караліся".

Радыё Свабода: "Чаму гэтыя выпадкі не разглядаюцца ўнутры самой царквы?"

Андрэй Кураеў: "Шляхі самаачышчэння царквы занадта забітыя. Нават царкоўны суд не прадугледжвае магчымасці міраніну паскардзіцца на епіскапа. Ягоная скарга прыйдзе да самога епіскапа, які ўзначальвае гэты суд і зацвярджае ягонае рашэнне. На ягонае рашэнне можа падаць апеляцыю агульнацаркоўны суд, але толькі святар, ужо пасля таго як ён прайграў суд са сваім епіскапам. Зразумела, што спалучэнне ў адных руках і ў адной асобе ўлады судовай і выканаўчай, натуральна, не робіць гэтую сістэму здольнай да эфектыўных дзеянняў па абароне свайго ўласнага права і статута".

Што тычыцца абвінавачанага Кураевым епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, то протадыякан з ім знаёмы. Аднак асабісты матыў у сваіх выкрыццях катэгарычна адмаўляе:

"З епіскапам Стэфанам мы вучыліся ў паралельных класах у семінарыі, - кажа Кураеў. - Беларусь для мяне -іншая краіна. У тых месцах я не бываў. Толькі ў мінулым годзе пачуў першую з гэтых гісторыяў. Матыў маёй асабістай помсты ці карыслівасці ў гэтай справе абсалютна выключаны. Мне з уладыкам няма чаго дзяліць".

На пытанне, якую рэпутацыю мае епіскап Стэфан у царкве, Андрэй Кураеў згадвае, як адбывалася хіратонія Стэфана - пасвячэнне ў епіскапы. Паводле праваслаўных правілаў частку епіскапаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым абрадзе, прызначаюць, а частку той, каго высвячаюць, можа запрасіць сам. Выбар епіскапаў, якіх пажадаў запрасіць Стэфан, падаецца Андрэю Кураеву двухсэнсоўным:

"Пра рэпутацыю такіх людзей вельмі лёгка пазнаць. У царкоўным асяроддзі мы больш-менш адзін аднаго ведаем. Ёсць людзі, пра якіх у царкве ёсць несумнеўнае меркаванне як пра гомасэксуалаў. І глядзіш прама на кампанію, з кім вядзецца чалавек.

Я адкрываю афіцыйную біяграфію ўладыкі Стэфана і бачу, хто яго высвячаў на епіскапа. Справа ў тым, што па праваслаўных правілах гэта нельга рабіць аднаму епіскапу. Павінен быць сабор. Не менш чым тры епіскапа павінны сабрацца, каб высвяціць новага епіскапа. Гэта сёння можа быць нават 20 чалавек. Частка з іх удзельнічае ў гэтым па рашэнні Патрыярха, ці ў Беларусі - па рашэнні мітрапаліта Філарэта. Пры гэтым кандыдату ў епіскапы даецца права выбраць, запрасіць некалькі чалавек з ліку сваіх сяброў. Можа, ён запросіць свайго духоўнага настаўніка, або аднакласнікаў па семінарыі, ці яшчэ кагосці. Тых епіскапаў, з якімі ў яго добрыя чалавечыя адносіны.

І вось на хіратоніі епіскапа Стэфана былі такія людзі. З адным з іх ён ніколі не вучыўся разам, так як па ўзросту велізарнае разыходжанне, гэта епіскап з Казахстана. Пра яго зноў жа ў мясцовай прэсе былі адназначныя і вельмі жорсткія публікацыі пра засілле гомасэксуальнага лобі ў яго епархіі з удзелам яго самога.

З Украіны яшчэ такі ж епіскап прыехаў, пра якога кажуць, што ён не "блакітны", а проста "фіялетавы".

А іншых не было, усе астатнія былі епіскапы з Беларусі, якія проста для службовага абавязку ў гэтым удзельнічалі".

Паводле інфармацыі, у хіратоніі епіскапа Стэфана ўдзельнічалі епіскап Уральскі Антоній, украінскія епіскапы Чарнігаўскі - Амуросій, Васількоўскі - Панцеляймон і іншыя.

Радыё Свабода: "Андрэй Вячаслававіч, вы распавядаеце пра выпадкі, якія былі вядомыя даўно. Шмат хто закідвае вам, што вы ўзнялі праблему ў патрэбны вам асабіста момант. Чаму менавіта цяпер вы пачалі пра гэта распавядаць?"

Андрэй Кураеў: "Мне падалося, і, магчыма, я ў гэтым памыліўся, што з'явіўся шанец гэтую праблему вырашыць. Камісія, якая прыехала ў Казанскую семінарыю, зразумела, прыехала туды не без ведама патрыярха. І ў яе былі паўнамоцтвы сумленна вырашаць скаргі семінарыстаў, што і было зроблена. Я даведаўся, што сапраўды скаргі семінарыстаў былі разгледжаныя і па выніках прарэктар, які дамагаўся да дзяцей, звольнены. Я ўспрыняў гэта як знак таго, што патрыярхія пачала палітыку самаачышчэння, пачынаючы з Казанскай епархіі, у якой цалкам адназначная рэпутацыя ў гэтым сэнсе, і далей. І я палічыў, што трэба падтрымаць дзейнасць гэтай камісіі.

Але, відавочна, я зрабіў тактычную памылку: гатоўнасць патрыярхіі выявілась не настолькі трывалай. І скончылася тым, чым скончылася. Урэшце, я як рэлігійны чалавек бачу ў гэтым промысел Божы".

Радыё Свабода: "Не варта аспрэчваць, што і ў царкве ёсць людзі, якія вызнаюць сябе гомасэксуаламі. Ці ёсць магчымасць, што яны апублічаць гэта?"

Андрэй Кураеў: "Магчымасць ёсць, але гэта азначае сыход з іерархічных царкоўных пасадаў. Зразумейце, тут патрэбныя тонкія градацыі.

Першая: чалавек адчувае сябе гомасэксуалам, але пры гэтым адмаўляецца ад практыкі. У нашай сістэме каштоўнасцяў гэта падзвіжнік, амаль святы чалавек - то бок чалавек, які стрымлівае свае памкненні, кантралюе сябе. Гэта добры паказнік ягонай сілы волі, рашучасці. Тады няма аніякіх абмежаванняў, у тым ліку і з пункту гледжання ягонага месца ў іерархіі царквы.

Другое: чалавек адчувае сябе гомасэксуалам і ажыцяўляе пэўную практыку, але як хрысціянін і чалавек адчувае гэта як свой асабісты грэх. У такім выпадку ён адзін з нас. Усе хрысціяне лічаць сябе грэшнікамі.

Трэцяе: чалавек вядзе гомасэксуальны лад жыцця, але ніяк сябе з царквой ня звязвае. Проста свецкі чалавек. Тады, што называецца, і нам да яго няма справы. Хто ты такі, каб судзіць чужога раба?

Чацвёртае: чалавек пачынае апраўдваць сваю гомасэксуальнасць, выкарыстоўваючы багаслоўскія аргументы. У мяне цяпер у блогу ідуць гэтыя дыскусіі, і час ад часу менавіта такую пазыцыю людзі займаюць. Або да іх калісці звярталася такая папоўская гомасэксуальная прапаганда, каб да сябе іх заманіць, і спрабавалі выкарыстоўваць менавіта багаслоўскія аргументы.

Напрыклад, ёсць вядомыя, асабліва католікам, словы Хрыста апосталу Пятру: "Пётр, ты камень, я на табе ствару сваю царкву". Дык вось, аказваецца, гэтыя таварышы вельмі сваеасабліва цытуюць гэтыя словы і ў патрэбнай сытуацыі яны гучаць так: "Пётр, я на табе..." І на гэтым цытату абрываюць. Вось гэта, я лічу, гранічна подла".

Аўтар артыкулу: Радыё Свабода

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte