Сёння 13 лістапада
Навіны

"БелСат": Пра творцаў і сэксуальную арыентацыю разважаюць у культурніцкай праграме "Чорным па белым" (відыё)

Пра творцаў і сэксуальную арыентацыю разважаюць у праграме «Чорным па белым» каталік і філосаф Пётра Рудкоўскі ды журналіст Сяргей Падсасонны.

Пётра Рудкоўскі лічыць патрэбным адрозніваць гомасэксуальныя схільнасці, якія – не грэх, і практыкаванне гомасэксуальных полавых зносінаў, якія, паводле філосафа, – амаральныя. Спадар Рудкоўскі зазначыў, што рэдка цікавіцца, якую сэксуальную арыентацыю мае пэўны выбітны творца. «Калі даведваюся, то важна ведаць, ці ён прапагандуе гомасэксуалізм і ці прэзентуе гэта як вярхоўную каштоўнасць жыцця», – зазначыў філосаф-хрысціянін.

Паводле Пётры Рудкоўскага, каханне паміж асобамі аднаго полу можа быць дапушчальным, але ні ў якім разе нельга адабраць гомасэксуальны акт.

Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны падкрэслівае: грамадства прызвычаілася да стэрэатыпу, што гомасэксуал – гэта пераважна прадстаўнік творчых прафесіяў. Насамрэч, заўважыў журналіст, гэта не заўсёды так, але, тым не менш, нельга ацэньваць чалавека паводле ягонай сэксуальнай арыентацыі. «Варта ўспрымаць людзей паводле адукаванасці, інтэлігентнасці ці выхаванасці і гэтак далей, а ўжо потым глядзець на іхную сэксуальнасць, якая – другасная рэч».

На прэзентацыі твораў гомасэксуальных творцаў, паводле журналіста, трэба прыходзіць дзеля іхных твораў, а не дзеля іхных упадабанняў сэксуальнага характару.

Сэксуальнасць, паводле Сяргея Падсасоннага, – гэта дапаўненне адносінаў дзвюх асобаў, але нельга ўсё зводзіць толькі да гэтай сферы. «Са сваім партнёрам я ўжо тры гады, які перадусім мой сябар, з якім варта пайсці у тэатр, варта кудысьці паехаць і варта паразмаўляць. Часамі мы размаўляем гадзінамі ды не можам наразмаўляцца».

Сяргей адзначыў, што ў Беларусі яго шантажаваў КДБ, страшачы, што ўсім раскажа пра сэксуальную арыентацыю журналіста. «Я гэтага ніколі не хаваў. Усе сябры, блізкія да мяне людзі застануцца са мною ў любым выпадку, а тыя, хто адыходзяць - туды ім і дарога», – зазначыў белсатавец.

У Беларусі, паводле журналіста, пераследуюць кожную меншасць – беларускамоўных людзей, гомасэксуалаў і гэтак далей. Беларускамоўным гомасэксуалам у нашай краіне ўдвая цяжэй, падтрымала гэтую думку адна з вядоўцаў – Валярына. Паводле яе, у цяперашняй Беларусі словы «я – гей» могуць быць пэўнаю метафараю, пазіцыянаваннем дэмакратычных поглядаў.

Больш – у праграме «Чорным па белым»:

Паводле БелСат

Аўтар артыкулу: БелСат

Рэйтынг:
 (галасоў: 3)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte