Сёння 14 кастрычніка
Навіны

Фільм пра лесбійскае каханне - пераможцу Канаў - пакажуць у Мінску. Ці без цэнзуры? (+трэйлер)

Фільм пра лесбійскае каханне - пераможцу Канаў - пакажуць у Мінску. Ці без цэнзуры? (+трэйлер)

Галоўны прыз 66-га Канскага кінафестывалю выйграла драма французскага рэжысёра Абдэльлатыфа Кешыша «Жыццё Адэль». Карціна распавядае пра любоўную сувязь паміж дзвюма дзяўчынамі

У міжнародны пракат фільм выйдзе пад назвай «Сіні — самы цёплы колер». У Мінску яго могуць паказаць бліжэй да восені, распавёў гендырэктар «Кінавідэапраката» Васіль Коктыш:

«Думаю, мы пакажам яго. Але пакуль не ведаем, хто будзе праваўладальнікам на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Калі вызначыцца дыстрыб’ютар, будзем працаваць. Думаю, гэта будзе бліжэй да восені».

Фільм пакажуць у «Доме кіно», дзе традыцыйна паказваюць усе стужкі з Канскага кінафэсту.

Што ж да тэматыкі фільма, то тут нічога страшнага няма, мяркуе Коктыш. Яго адглядзіць камісія, якая вызначыць абмежаванне па ўзросце.

Коктыш: «Усё нармальна будзе. Будзем паказваць. Нават тое, што там… ну што рабіць, ёсць такое. Тым больш у Францыі. А мы пакажам. Як я чуў, там усё прыгожа».

Журналіст "Радыё Свабода" і сцэнарыст фільма "Жыве Беларусь" Франак Вячорка глядзеў гэты фільм у Канах на прэм'еры.

"Фільм вельмі спадабаўся. Праўда, ён быў трохі зацягнуты. І я стаміўся назіраць за сцэнамі лесбійскага сэксу, якія перманентна паўтараліся кожныя 10-15 хвілінаў з дэталізаванымі карцінкамі. Фільм уражвае, бо адрозніваецца ад іншых канкурсантаў. Я ўявіць не мог, што такі фільм пакажуць на шырокім экране".

Фільм пра незвычайнае каханне. Дзяўчына-падлетак мела няўдалы сэксуальны вопыт з хлопцам і вырашае, што гэта не яе. Яна знаёміцца са старэйшай дзяўчынай, з блакітнымі валасамі.

"Тая навучыла яе ўсім прамудрасцям і стала бліжэйшай, чым кансерватыўныя бацькі. Галоўная гераіня шукае сябе, але знаходзіць у вычварным, нязвыклым для беларуса, свеце, — гаворыць Франак Вячорка. — Па карцінцы фільм вельмі французскі. Мне спадабалася аператарская праца. Калі звычайна буйным планам паказваюць вочы альбо рэчы на стале — то тут вусны, а таксама рот, калі галоўная гераіня са смакам есць спагеці баланьеза, што таксама паўтараецца некалькі разоў на працягу фільма".

Зала фактычна замерла, падчас прагляду было ціха, ніхто не размаўляў, а першую сцэну ў ложку сустрэлі апладысментамі. Дарэчы, быў і другі фільм-канкурсант пра двух геяў. Відаць, што тэма аднаполых адносінаў у трэндзе.

У фільме найперш напружвае яго працягласць — 3 гадзіны, а таксама колькасць парнаграфічных сцэнаў, адзначае Франак Вячорка.

Франак Вячорка лічыць, што кіно не змогуць паказаць у Мінску, альбо давядзецца яго адцэнзураваць і урэзаць з трох гадзін да дзвюх.

"Могуць зрабіць цэнзураваную версію для тэлебачання, а таксама "праблемных" краінаў. Але кіно нефарматнае. Калі там не будзе эротыкі, то беларусы яго не зразумеюць і не пойдуць на яго".

Паводле Еўрарадыё

Аўтар артыкулу: Еўрарадыё

Рэйтынг:
 (галасоў: 1)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte