Сёння 2 сакавіка
Навіны

Гомельскія вернікі пра сэкс-скандал у епархіі

Гомельскія вернікі пра сэкс-скандал у епархіі

Гомельскі епіскап Стэфан пакуль ніяк публічна не адрэагаваў на абвінавачванні ў сэксуальных дамаганнях да семінарыстаў і маладых святароў, якія апублікаваў у сваім блогу маскоўскі протадыякан Андрэй Кураеў.

Спадар Эдуард, які толькі што выйшаў з сабора Пятра і Паўла - галоўнага храма Гомельскай епархіі - сумняваецца ў праўдзівасці таго, што напісаў дыякан Кураеў:

"Цяпер можна што заўгодна напісаць. Патрэбныя факты, доказы. Калі гэта факт, то я не ведаю, такому чалавеку не месца на такой пасадзе. Але калі гэта "падстава", нейкая ўнутраная барацьба, то таго, хто гэта напісаў, варта строга пакараць, каб ён запомніў на ўсё астатняе жыццё".

Іншы гомельскі вернік Андрэй адзначае, што тут царква нічым не адрозніваецца ад іншых інстытутаў грамадства:

"Царква - такі ж інстытут, як і ўсе астатнія, там людзі з тым жа самым наборам грахоў, як і ў іншых. Думаю, што гэта праблема ўсяго чалавечага грамадства - па крайняй меры, і беларускага, і былога савецкага. Мы неяк не прызнаем, што ў нас значна больш людзей нетрадыцыйнай арыентацыі, чым пра гэта гаворыцца услых. У традыцыі - гэта адносіны начальнікаў і падначаленых. Гэта не толькі царкоўная праблема. Гэта праблема многіх свецкіх інстытутаў - проста людзі не прызнаюцца. Гэта спосаб зацвярджэння сваёй іерархіі, начальніка над падначаленымі. "Блакітных лобі" шмат у самых розных установах, а не толькі ў царкве. Так можна, у прынцыпе , абвінаваціць любога начальніка і нават знайсці сведак".

Грамадзкі актывіст і вернік праваслаўнай царквы спадар Юры кажа, што епіскап Стэфан, хоць на пасадзе і нядоўга, паспеў станоўча зарэкамэндаваць сябе:

"Стэфан на ўсю праваслаўную грамадскасць, так скажам, і ня толькі на яе, зрабіў добрае ўражаньне - нават у параўнанні з папярэднікам. Ён адкрыты чалавек і павёў сябе адкрыта, нават у дачыненні да розных дэмакратычных грамадскіх арганізацыяў. Я сам меў з ім паўгадзінную размову. Прыходзіў на прыём. Мы абмяркоўвалі менавіта грамадскія праблемы Гомельшчыны, у прыватнасці, праблемы гістарычнай памяці. Мне надзвычай спадабалася ягоная адкрытасць да ўсёй гэтай тэматыкі. Апрача таго, ён кіраўнік камісіі экзархату па кананізацыі. Гэта ягонымі высілкамі кананізаваныя навамучанікі Іаан Кармянскі і лельчыцкі святар, закатаваны бальшавікамі".

Не звязваючы гомасэксуальны скандал у РПЦ з імем гомельскага ўладыкі, суразмоўца, аднак, не здзіўляецца, што такі скандал узнік:

"Усе людзі грэшныя. І калі б мне сказалі, што, умоўна кажучы, на прасторах РПЦ нейкі епіскап падобным займаецца, я, не ведаючы ніякай інфармацыі, паверыў бы. Разумееце, тут прырода чалавечая - такія выпадкі былі і будуць. І нікуды тут не падзецца. Ёсьць унутрыцаркоўная этыка паводзінаў. Калі дома нейкі святар, дапусцім, п’е з матушкай, яго паўшчуваюць. Але калі ён напіўся і ўпаў пасярод вёскі ў лужыну і ў яго тыцкаюць пальцам, усе ходзяць і смяюцца, гэта ўжо іншае. У першым выпадку яго паўшчуваюць, у другім - яму адразу забароняць служэнне. Карацей, выганяць, бо ў дадзеным выпадку ён дыскрэдытуе царкву".

Аўтар скандальных выкрыццяў - протадыякан Андрэй Кураеў, які да нядаўняга часу займаў пасаду прафэсара Духоўнай акадэміі ў Маскве. Дыякан Кураеў у сваім блогу апублікаваў ліст чарнігаўскага сэмінарыста, нейкага Сяргея Ф., у якім сцвярджаецца, што епіскап Стэфан разбэшчваў выхаванцаў сэмінарыяў і маладых святароў.

У інфармацыйным аддзеле Гомельскай епархіі зазначаюць, што ведаюць пра скандал, у якім фігуруе імя епіскапа Стэфана, але нічога без ягонага блаславення не камэнтуюць:

"Мы ў курсе, што дзеецца і што зроблена. Нам дадуць блаславенне - значыць, будзе камэнтар. Не атрымаем блаславення - значыць, ня будзе".

Паводле Радыё Свабода

Аўтар артыкулу: Радыё Свабода

Рэйтынг:
 (галасоў: 0)

Матэрыялы, блізкія па тэматыцы

"Пад коўдрай" с Дмитрием Дашкевичем - лидером "Молодого фронта"

Отличная работа, Путин!

Марцін Угла: Беларускія візы і акрэдытацыі замінаюць чэмпіянату па хакеі

Владелец сочинского гей-клуба возразил мэру: "Я живу в Сочи. И я - гей!"

Мнения. Беларусские футболисты к игрокам открытым геям готовы по-разному

БПЦ: гей-скандал - попытка повлиять на позицию церкви

Андрэй Кураеў: "50 з 300 епіскапаў уваходзяць у блакітнае лобі"

Кураеў гатовы пацвердзіць свае словы аб епіскапе Стэфане ў судзе

Новый митрополит Минский и Слуцкий порадовался Лукашенко и отреагировал на обвинения в ненависти к геям, атеистам, комунистам и Западу

Андросенка: "У царкве і касцёле багата гомасэксуалаў"

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte