Сёння 13 лістапада
Навіны

ЛГБТ-актывісты паразмаўлялі ў Мінску пра смяротнае пакаранне

ЛГБТ-актывісты паразмаўлялі ў Мінску пра смяротнае пакаранне

22 красавіка адбыўся кінапрагяд дакументальнай стужкі “Прычына смерці – прочырк”, арганізаваны праваабарончым праектам “ГейБеларусь”. Пасля прысутныя змаглі выказацца за ці супраць такога віда пакарання. Стужка “Прычына смерці – прочырк”, адмыслова створаная ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, знятая рэжысёрам Віктарам Трацяковым па сцэнары Паліны Сцепаненкі.

Смяротнае пакаранне з'яўляецца адным з самых неадназначных і спрэчных пытанняў у Беларусі на сённяшні дзень. Хтосьці ў 1996 годзе на рэферэндуме прагаласаваў за смяротнае пакаранне як вышэйшую меру пакарання, хтосьці супраць. Цяпер, гледзячы нават на сітуацыю, звязаную з тэрактам ў мінскім метро, меркаванні людзей мяняюцца: хто быў супраць - становіцца прыхільнікам, хто быў за смяротнае пакаранне - пачаў ставіцца да яго негатыўна, ну а хтосьці застаўся пры сваім меркаванні.

У кінастужцы як раз раскрываюцца пытанні памылак: судовай, людской. У якасці жывога прыкладу выступіла Святлана Жук, маці пакаранага ў 2010 годзе Андрэя Жука: "Я не памятаю, як я прагаласавала з нагоды пакарання смерцю на рэферэндуме, ці то за, ці то супраць. Я ніколі не думала аб тым, што гэта можа крануцца нас”.

Пасля кінапаказу адбылася дыскусія на тэму смяротнага пакарання, у якой прынялі ўдзел больш за 20 чалавек, моладзі з "ГейБеларусі" і Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Меркаванні ўдзельнікаў падзяліліся. Па падліках арганізатараў дыскусіі, большасць маладых людзей выказаліся супраць смяротнага пакарання, два-тры чалавекі выступілі за смяротнае пакаранне, і чатыры чалавекі не вызначыліся са сваім выбарам: з аднаго боку - супраць смяротнага пакарання, з іншага - сітуацыі бываюць розныя.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прыводзіцца ў выкананне смяротнае пакаранне. З гэтай прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы.

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь; Ілля Паршыкаў

Рэйтынг:
 (галасоў: 6)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte