Сёння 16 сакавіка
Навіны

Нацплатформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства працягвае еўрапейскі шлях

Нацплатформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства працягвае еўрапейскі шлях

Грамадзянская супольнасць Беларусі, нягледзячы на дзеянні і бяздзейнасць беларускага рэжыму, павінна працягваць працаваць у рамках еўрапейскай інтэграцыі. Пра гэта 16 лістапада падчас канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заявіў старшыня каардынацыйнага камітэта НП Уладзімір Мацкевіч.

Праваабарончы праект "ГейБеларусь" стала прымае ўдзел у канферэнцыях Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, гэтую наведаў старшыня "ГейБеларусі" Сяргей Андросенка.

Як ужо паведамляла Служба інфармацыі «ЕўраБеларусi», адным з галоўных вынікаў канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП стала прыняцце канцэпцыі развіцця беларускай Нацплатформы. «З красавіка 2012 года Нацыянальная платформа актыўна ўдзельнічае ў працэсах і мерапрыемствах у рамках Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі ў супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй, беларускімі палітычнымі структурамі і экспертнай супольнасцю», а «ў перспектыве неабходна рухацца ад Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства да Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці, захоўваючы і развіваючы ўсе пазітыўныя напрацоўкі, пашыраючы маштабы і сферы дзейнасці, нарошчваючы ўплыў», гаворыцца ў прынятай канцэпцыі.

Сярод прыярытэтаў у стратэгічным развіцці Нацыянальнай платформы ў канцэпцыі значыцца пашырэнне маштабаў дзейнасці Нацплатформы для вырашэння пытанняў нацыянальнага маштабу не толькі ў рамках праграмы Усходняга партнёрства, але таксама ў Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам і іншых сумежных фарматах і тэмах беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, дзе патрабуецца прадстаўленне кансалідаванай пазіцыі.

Па выніках канферэнцыі яе ўдзельнікі таксама прынялі рэзалюцыю, у якой яшчэ раз падкрэслілі: «Мы разглядаем ініцыятыву ЕС «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» як значны і патэнцыйны інструмент дэмакратычных трансфармацый у краіне. Гэтая ініцыятыва тым больш важная і актуальная, што яна таксама з’яўляецца каталізатарам шэрагу працэсаў у межах Усходняга парнёрства. Віталі б пашырэнне ролі і ступені ўдзелу Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі».

Акрамя таго, падчас канферэнцыі асобная ўвага была ўдзелена мэтам і задачам беларускай дэлегацыі на чацвёртай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая адбудзецца ў канцы лістапада ў Стакгольме.

Як зазначыў кіраўнік міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка, «адна з задач, якая была вырашаная на канферэнцыі, гэта пэўная арыентацыя будучых удзельнікаў Форума грамадзянскай супольнасці ў Стакгольме. І прыняцце канцэпцыі развіцця дазволіць нам перавесці шматлікія намеры ў плоскасць дзейнасці, у тым ліку і ў дачыненні да рэалізацыі нацыянальных праграм у рамках ФГС УП».

Нацплатформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства працягвае еўрапейскі шлях

Чацвёрты Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства пройдзе ў Стакгольме 29-30 лістапада. Беларусь будзе прадстаўлена 23 няўрадавымі арганізацыямі, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі беларускай Нацыянальнай платформы. Сярод іх — праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, рух «За свабоду», Беларускі хельсінскі камітэт, праваабарончы праект "ГейБеларусь", экалагічная арганізацыя «Экадом», Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, таварыства «Зялёная сетка», міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» і іншыя арганізацыі.

Паводле ЕўраБеларусь

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь

Рэйтынг:
 (галасоў: 1)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte