Сёння 14 сакавіка
Навіны

Навошта табе ўсё гэта, Андросенка?

Навошта табе ўсё гэта, Андросенка?

У 2011 годзе выйшла кніга, якая змяшчае адказы на бадай самае складанае пытанне, якое кожны актыўны беларус неаднойчы чуў — «Навошта табе ўсё гэта?». Беларусь успрымаецца даследчыкамі і актывістамі як краіна з крайне нізкім узроўнем «жывых» грамадзянскіх традыцый і палітычнай культуры актыўнага ўдзелу (participatory political culture), як краіна, дзе падпарадкаванне асобы дзяржаве з’яўляецца нормай, а прынцып «мая хата з краю» дамінуе нават сярод прасунутых колаў грамадства.

Больш за тры дзясяткі чалавек расказалі, чаму яны выступаюць супраць беларускай «стабільнасці», чым ахвяруюць дзеля змагання за свае правы і правы іншых і як да ўсяго гэтага ставяцца іх блізкія, сябры, суседзі. Сярод герояў кнігі і старшыня праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Сяргей Андросенка.

«Ставячы пытанні пра матывацыю і шляхі да супраціву, мы зыходзілі з пэўных гіпотэз. Беларусь успрымаецца даследчыкамі і актывістамі як краіна з крайне нізкім узроўнем «жывых» грамадзянскіх традыцый і палітычнай культуры актыўнага ўдзелу (participatory political culture), як краіна, дзе падпарадкаванне асобы дзяржаве з’яўляецца нормай, а прынцып «мая хата з краю» дамінуе нават сярод прасунутых колаў грамадства. У гэтых умовах грамадзянская супольнасць можа паўставаць толькі праз унутраны пратэст, які вырастае з асэнсавання ўласнай адрознасці ці імкнення стаць адрозным. Да такога пратэсту падштурхоўвае нетыповы для паспалітага грамадзяніна жыццёвы досвед (набыты пры адносінах з пэўнымі людзьмі — такімі ж «белымі варонамі» або дзякуючы камунікацыі з іншымі грамадствамі і культурамі) або, як гэта ні парадаксальна, уласныя традыцыі ў кантэксце карпаратыўнай дзяржавы, дзе была пэўная прастора для так званага «актывізму», — напісаў у прамове да кнігі адзін з рэдактараў, палітолаг Віталь Сіліцкі.

Навошта табе ўсё гэта, Андросенка?

Ніжэй прапануем вам адказы старшыні праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Сяргея Андросенкі.

1. Як Вы думаеце, чаму Вы сталі займацца грамадскай дзейнасцю, а Вашы аднакласнікі – не?

Насамрэч, думаю, што гэта напачатку з вобласці ўласных захапленняў і інтарэсаў. Нехта ў школе любіў зрываць заняткі, нехта прыходзіў, каб дэманстраваць новую вопратку, нехта любіў аднакласніка ці аднакласніцу – таксама добрая матывацыя. Я любіў гуманітарныя прадметы. Літаратура, гісторыя, грамадазнаўства прымушалі крытычна глядзець на рэчы, аналізаваць мінулае і параўноўваць з сучаснасцю. Я з дванаццаці год чытаў моладзевую прэсу – газеты «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст», часопіс «Бярозка». Шмат пісаў, шмат думаў, шмат разважаў, развіваў крытычнае мысленне.

Першая дыскрымінацыя, з якой я сутыкнуўся, – дыскрымінацыя праз маю беларускую мову, актыўным носьбітам якой я імкнуўся быць. Пасля я сутыкнуўся з дыскрымінацыяй праз сваю гомасексуальнасць. Я імкнуўся быць шчырым з навакольнымі, як мяне і вучылі ў школе, вучылі бацькі. Але шчырасць часта выклікала негатыўныя рэакцыі. …Паноптыкум. Замкнёнае кола… Я сутыкаўся, у лепшым выпадку, з непрыманнем, у горшым – з непрыхаванай агрэсіяй.

Я быў «не як усе» ў школе: беларускамоўнасць пасля сёмага класа, у прыватнасці, вылучала. Увогуле, я думаю, што шмат з тых, хто займаецца грамадскай дзейнасцю, былі не такімі, як усе, ужо ў школе. Не, не горшымі або лепшымі, але не як усе. І цяпер, пасталеўшы, мы хочам выправіць сваіх аднакласнікаў, якія не разумелі нас, а іншым разам і агрэсіўна ўспрымалі нашу інакшасць.
 

2. Што Вы даведаліся пра сябе і людзей навокал за час грамадскай дзейнасці, чаго Вы не ведалі раней?

Калі ты робішся публічнай асобай, калі адкрыта выказваеш нейкае гледзішча, а тым больш, калі прыкладаеш намаганні да таго, каб дасягнуць той рэальнасці, якую бачыш ідэальнай для сябе, да цябе пачынаюць ставіцца па-новаму. Ты становішся або своеасаблівым кумірам, або аб’ектам для крытыкі.

Калі я пачаў актыўна займацца пытаннем правоў ЛГБТ, робячы гэта так, як бачу гэта слушным я, знайшоў шмат аднадумцаў, але таксама знайшоў сярод сяброў і знаёмых і тых, хто адрокся мяне менавіта праз маю актыўную пазіцыю. Часам нават не праз гамафобію ці ідэалагічныя спрэчкі, а проста праз актыўнасць.

Часам прычынай дыстанцыявання магла служыць тэматыка маёй дзейнасці, метады, партнёры ў рэалізацыі сумесных праектаў, нават мая палітычная прыналежнасць і мова, а часам сукупнасць гэтых фактараў. Я даведаўся, што з першага погляду сур’ёзныя людзі часта бываюць непаслядоўнымі, лёгка змяняюць сваё меркаванне, могуць «саскочыць» у апошні момант або калі нешта ідзе не па плане.

Але не хочацца толькі аб сумным. За час сваёй грамадскай практыкі таксама даведаўся аб тым, што ў Беларусі ёсць неабыякавыя і смелыя людзі. Я марыў аб гей-прайдзе ў Мінску з 2007 года, тады я быў адзін, сам-насам са сваёй ідэяй. Цяпер я ўжо далёка не адзін у сваім імкненні да магчымасці карыстацца ўсёй паўнатой сваіх канстытуцыйных правоў на практыцы і ў дзеянні да дасягнення поўнага раўнапраўя ў Беларусі для ЛГБТ.
 

3. Назавіце людзей, кнігу і (ці) падзею, якія паўплывалі на Ваша кшталтаванне як асобы

Вельмі паўплывала на мяне як на асобу мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Налівайка Любоў Уладзіміраўна, якая вучыла мяне ў 5–8 класах у сярэдняй школе № 120 горада Мінска. Нават калі яна ў мяне ўжо не выкладала, мы маглі проста сустракацца для гутарак. Яна была чалавекам прынцыповым, заўсёды размаўляла па-беларуску і была адзінай такой на ўсю школу. На яе часта з гэтай нагоды рэагавалі як на дзівачку, называлі «бэнээфаўкай». Яна была вельмі аб’ектыўнай і строгай. Нават нягледзячы на тое, што я быў яе любімчыкам, яна ніколі не давала мне паблажкі і заўсёды ставіла мне тую адзнаку, якую я заслужыў.

Канчаткова я ідэнтыфікаваў сябе геем пасля таго, як прачытаў у 16 год брашуру тагачаснай Беларускай лігі за сексуальную роўнасць «Лямбда». Тады ж, будучы пазаштатным карэспандэнтам газеты для дзяцей і падлеткаў «Раніца», я ўпершыню звярнуўся да тэмы стаўлення да ЛГБТ, напісаўшы ў юнацкую газету артыкул «Гомасексуальнасць: хвароба ці асабістая справа кожнага». Артыкул апублікавалі ў нумары за 28 кастрычніка 2004 года. У газеты была вельмі прагрэсіўная рэдактарка на той час – Святлана Яскевіч.

З гэтага часу я, канчаткова зразумеўшы, хто я, пачаў дэталёва вывучаць гэтую тэму – гомасексуальнасць, правы ЛГБТ, жыццё ЛГБТ-асоб. Мне было важна ведаць пра сябе больш. У школе я ніколі не чуў інфармацыю пра гомасексуальнасць, аднаполыя стасункі, акрамя як у брудных абразлівых жартах ад аднакласнікаў.

Вывучаючы з’яву, я і зразумеў усю шырыню такіх паняткаў, як «гамафобія» і «дыскрымінацыя».
 

4. Ці быў у Вашым жыцці такі перыяд, які можна назваць пераацэнкай каштоўнасцяў?

Складанае пытанне. Напэўна, не. Змены метадаў, задач, мэтаў у акцыях і дзейнасці – было. Былі расчараванні ў асобных людзях і цэлых арганізацыях, часам было расчараванне ва ўсім. Але каштоўнасці, на якіх грунтуецца мая дзейнасць, – гуманізм, павага, любоў, цярплівасць, незалежнасць, – не думаю, што іх можна пераацаніць. Часам робіш злы ўчынак або зласлівіш, але гэта не значыць, што я пераацаніў каштоўнасці. Проста робіш злы ўчынак, і ўсё.
 

5. Што было самым вялікім расчараваннем і самай вялікай радасцю падчас Вашай дзейнасці?

Памятаю, як яшчэ ў падлеткавым узросце глыбока засела расчараванне ў людзях, якія казалі шмат лозунгаў пра свабоду і перамены, вызваленне ад аўтарытарнага кіраўніцтва краіны. Якраз набліжаўся 2006 год. Я часта ў пад-леткавым узросце наведваў сядзібу БНФ, мерапрыемствы розныя, моладзевы дыскусійны клуб, нават у «Моладзь БНФ» збіраўся ўступаць. Неяк на адным мерапрыемстве абмяркоўвалі свабоду сходаў, а пасля эксперт ад партыі – сп. Янукевіч, які тады яшчэ не быў старшынём БНФ, – сказаў, што свабода сходаў не азначае правядзення гей-парада, маўляў, правы гамасекаў да правоў чала¬века не маюць ніякага дачынення. Пасля гэтага я ніколі больш не з’яўляўся на мерапрыемствах БНФ. Цяпер разумею, што словы Янукевіча часткова можна апраўдаць – ён кансерватар ва ўсходнееўрапейскім разуменні. Але тады я не звяртаў на гэта ўвагі. Я чуў ад іх лозунгі пра свабоду – мне хацелася гэтай свабоды, але без кампрамісаў. Калі я ўбачыў, што іх свабода, як і існая, таксама абмежаваная, я расчараваўся ў палітыках увогуле. Таму што свабода ў маім разуменні – гэта свабода не толькі для тых, хто падабаецца. Яны шмат гаварылі пра свабоду ад аўтарытарызму, але яны разумелі адно, я чуў іншае. Я адчуў сябе абхлушаным. Мяне тройчы затрымлівалі ў 2004–2006 гадах за іх свабоду…

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь

facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte