Сёння 1 жніўня
Навіны

Праваабарончы праект «ГейБеларусь» прынялі ў склад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

Праваабарончы праект «ГейБеларусь» прынялі ў склад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

Такім чынам «ГейБеларусь» стала першай арганізацыяй у складзе Асамблеі, якая будзе прадстаўляць інтарэсы ЛГБТ-супольнасці. Заява ГейБеларусі на ўступ у Асамблею НДА Беларусі была разгледжана на апошнім паседжанні Рабочай групы Асамблеі, якое адбылося 16 кастрычніка 2009 года. Зараз праваабарончы праект з’яўляецца паўнапраўным сябрам буйнейшага ў рэспубліцы аб’яднання грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Да гэтага 7 і 8 сакавіка 2009 кіраўнік праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка стаў першым прадстаўніком гей-руху, які прыняў удзел у Асамблеі.

ГейБеларусь прынялі ў склад Асамблеі НДА з другой спробы. У красавіку па выніках працы папярэдняй Рабочай групы Асамблеі ГейБеларусі было адмоўлена ў сяброўстве. Праект выправіў пазначаныя хібы і адразу назаўтра падаў дакументы з паўторнай спробай атрымаць сяброўства. Зараз праект з’яўляецца паўнапраўным сябром Асамблеі. Праект «ГейБеларусь» мае на мэце актыўна выкарыстоўваць магчымасці Асамблеі для станаўлення камфортнага і бяспечнага пражывання прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі, для прасоўвання талерантнага стаўлення да ЛГБТ і для барацьбы з палітычнай і сацыяльнай гамафобіяй у краіне.

Даведка:

Асамблея НДА (спасылка на сайт) - найбуйнейшае ў Беларусi аб’яднаньне грамадскіх арганізацый ды ініцыятыў, якiя вызнаюць дэмакратыю і незалежнасць Беларусі як свае каштоўнасці, і злучылі свае сілы дзеля абароны сваіх правоў ды інтарэсаў, дапамогі ў станаўленьні арганізацыяў, наладжвання сувязяў, абмену інфармацыяй і ідэямі.

Заснаваная ў 1997 годзе.

Аб’ядноўвае 264 (21.04.2009) арганізацыі ды ініцыятывы з усіх рэгіёнаў Беларусі па розных кірунках дзейнасці: праваабарончы, моладзевы, сацыяльны, экалагічны, адукацыйны, жаночы, падтрымка іншых НДА.

Місія:

Асамблея спрыяе развіццю арганізацыяў-сябраў і станаўленню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Асноўныя мэты:

  • прасоўванне і адстойванне інтарэсаў НДА Беларусі;
  • забеспячэнне камунікацыі паміж грамадскімі арганізацыямі;
  • дапамога ў працы НДА;
  • маніторынг, аналіз і ацэнка стану грамадскага сектару і прававога становішча.

Арганiзацыйныя прынцыпы:

  • добраахвотны ўдзел і самастойнасць арганiзацыяў-сябраў;
  • неўмяшанне Асамблеі ва ўнутраныя справы арганізацый - сябраў Асамблеі;
  • роўныя правы сябраў Асамблеі;
  • дэмакратычныя працэдуры прыняцця рашэнняў;
  • салідарнасць і супрацоўніцтва сябраў Асамблеі дзеля дасягнення агульных мэтаў.

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь

Рэйтынг:
 (галасоў: 1)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte