Сёння 9 кастрычніка
Навіны

Аляксей Шэін лічыць Мінскі гей-прайд недапушчальнай прапагандай немаральных ідэй

Аляксей Шэін лічыць Мінскі гей-прайд недапушчальнай прапагандай немаральных ідэй

Мінскі гей-прайд — 2011 пройдзе з 11 па 23 кастрычніка. Гэта мерапрыемcтва сустаршыня БХД Шэін назваў – недапушчальнай прапагандай немаральных ідэй.

Ніхто не забараняе геям і лесбіянкам рэалізаваць свае погляды не публічна, а ў сябе дома”, - заявіў "Рацыі" сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Аляксей Шэін, каментуючы заяўлены на 22 кастрычніка Мінскі гей-прайд:

- Калі гэта выносіцца ў сферу прапаганды, у сферу публічнасці, а хто б што не казаў, правядзенне акцый на вуліцах усё ж такі сфера публічная, гэта сфера прапаганды, унясенне немаральных дзеянняў у такую сферу. На нашу думку, проста не павінна быць, проста недапушчальна. Відавочна вядзецца прапагандысцкая вайна і навязваюцца міфы пра тое, што збіваюць. Я нідзе не бачыў, каб ляцелі камяні ў прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. Слова гамафобія, ёсць ярлык, які навязваецца для тых, хто не прытрымліваецца іх пазіцыі па прапагандзе сэксуальных вычварэнняў.

БХД не будзе адмыслова рабіць акцыі пратэсту ці афіцыйныя заявы з нагоды прайду, бо хрысціянскія дэмакраты лічаць, што гэтым створаць дадатковую рэкламу гей-мерапрыемству.

Як распавёў "Рацыі" старшыня арганізацыйнага камітэта Мінскага гей-прайду Сяргей Андросенка, сёлетняе мерапрыемства вырашана рабіць з ухілам у праваабарончую тэматыку, улічваючы стаўленне да людзей з гомасэксуальнай арыентацыяй і з боку беларускага грамадства, і з боку дзяржавы.

Публічная акцыя рыхтуецца на 22 кастрычніка. Андросенка кажа, што маршрут прайду не будзе пралягаць праз цэнтральныя вуліцы ці плошчы, але не выключае, што – у выпадку адмовы ўладаў – акцыя будзе несанкцыянаванай:

- "Мінскі гей-прайд" гэта не апазіцыйнае мерапрыемства, гэта не прадзяржаўнае мерапрыемства. Мы кажам аб праве быць сабой, у нейкім плане гэта мерапрыемства супраць манапалізацыі вуліцаў, памяшканняў, мерапрыемстваў нейкімі палітычнымі групоўкамі. Зараз прагнозы складана рабіць, дазволяць, не дазволяць. Але ў аргкамітэце прайда ёсць людзі, якія не гатовыя пагадзіцца з забаронай шэсця і яны хочуць выказаць пратэст супраць палітычнай і беларускай сацыяльнай гамафобіі.

Сяргей Андросенка таксама паведаміў, што бліжэйшым часам аргкамітэт накіруе лісты ў некалькі ведамстваў і Адміністрацыю прэзідэнта з тлумачэннем сацыяльнай важнасці для беларускага грамадства правядзення гей-параду.

Сайт Мінскага гей-прайда: http://pride.gaybelarus.by/.

Паводле Радыё Рацыя; фота: Радыё Свабода

Аўтар артыкулу: Рыгор Сапежынскі

Рэйтынг:
 (галасоў: 3)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte