Сёння 13 траўня
Навіны

Мінгарсуд не задаволіў скаргу арганізатараў Мінскага гей-прайда 2011

Мінгарсуд не задаволіў скаргу арганізатараў Мінскага гей-прайда 2011

Мінскі гарадскі суд 23 лютага не задаволіў скаргу арганізатараў Мінскага гей-прайда 2011. Заяўнікі шэсця збіраюцца дайсці да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сяргей Андросенка і Наталля Манькоўская не пагаджаюцца з забаронай мірнага шэсця ў падтрымку талерантнага стаўлення да гомасэксуалаў.

Адна з арганізатараў Мінскага гей-прайда Наталля Манькоўская ў каментарыі радыё “Рацыя” паведаміла, што “плануецца бліжэйшым часам абскардзіць рашэнне старшыні Мінскага гарадскога суда. Затым мы абскардзім рашэнне ў Вярхоўным судзе, калі старшыня Мінскага гарадскога суда не задаволіць нашу скаргу. А далей - звярнемся ў Камітэт па правах чалавека ў ААН. Калі мы не даб’емся на нацыянальным узроўні поспеху, то Камітэт па правах чалавека, я думаю, нас падтрымае. Там мы маем больш шанцаў на поспех”.

Старшыня праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка заявіў у залі суда, што забарона на мірнае шэсце гей-прайда таксама супярэчыць пазіцыі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які ў сваім кастрычніцкім інтэрвію расійскім СМІ заявіў, што не супраць падобнага шэсця дзе-небудзь на ўскрайку горада. Яшчэ Андросенка выказаў думку, што забарона гей-прайда нанесла шкоду іміджу горада і краіны.

У каментарыі на сайце Беларускага Хельсінкскага Камітэта Наталля Манькоўская заявіла, што “вельмі шкада, што суддзі пры прыняцці рашэння спецыяльна або мімаволі забываюць аб тым, што любы закон павінен прымяняцца такім чынам, каб паляпшаць і палягчаць жыццё людзей, а не ўскладняць і ўзводзіць на іх шляху ўсё новыя і новыя забароны. І ніхто з суддзяў не задумаўся: а для якой, увогуле, мэты трэба было забараняць мірны сход?

Нагадаем, 15-га снежня 2011 года суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў законнай забарону Мінгарвыканкама на шэсце на падставе таго, што недалёка ад маршруту, у адным з дамоў, размясцілася філія паліклінікі, якая, праўда, у выходны дзень не працуе, а менавіта ў суботу планавалася правядзенне шэсця.

Само шэсце гей-прайда прайшло 22-га кастрычніка мінулага года. Тады ў мікрараёне Шабаны на несанкцыянаванае шэсце выйшлі каля 20 актывістаў ЛГБТ-руху. Акцыя пад вясёлкавымі сцягамі і лозунгамі "Беларусь без гамафобіі!" і "Прайд — гэта нармальна!" доўжылася не больш за 10 хвілін, ніхто не быў затрыманы.

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь

Рэйтынг:
 (галасоў: 3)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte