Сёння 23 кастрычніка
Навіны

Кабета, якая кахала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў. Да 110-годзьдзя Маргрыт Юрсёнар

Кабета, якая кахала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў. Да 110-годзьдзя Маргрыт Юрсёнар

8 чэрвеня 2013 году споўнілася 110 год бэльгійска-францускай пісьменьніцы, акадэміцы дзьвух Акадэміяў (францускай і каралеўскай бэльгійскай), першай францускай кабеце, якая ўвайшла ў 1980 годзе ў Акадэмію.

Сапраўдная эўрапейка-касмапалітка да эпохі эўрапейскай інтэграцыі, закаханая ў Антычнасьць, у якую, паводле меркаваньня пісьменьніцы, было напісана найлепшае ў сусьветнай літаратуры («Усё лепшае чалавецтвам было сказана па‐грэцку»).

Цяперашнія аўтары і аўтаркі хіба імітуюць, капіюць, інтэрпрэтуюць вядомае і ахопленае ў антычны час, так лічыла пісьменьніца. Антычнасьць, якая ўплывала ўсюль і ва ўсім на гуманістку, антычнасьць, якая сталася фундамэнтам і арыентырам для пісьменьніцы.

Холадна, цьвяроза, з антычнай стрыманасьцю аўтарка такіх вядомых твораў, як “Успаміны Адрыяна”, “Філязофскі камень”, “Арыентальныя навэлі”, “ Аляксыс” ды іншыя малюе ў мудрагелістай і акадэмічнай францускай мове з велічным ці то лацінскім, ці то грэцкім акцэнтам, як лічылі многія крытыкі і акадэмікі, гуманістычныя карціны сьвету. На думку крытыкаў, пісьменьніца нейкім дзіўным чынам надала францускай мове шарму і халоды лаціны, нібы пісьменьніца думала на лаціне, а потым перакладала і пісала на францускай мове.

Маргрыт Юрсёнар размаўляла на многіх мовах: па-француску, па-ангельску, па-італійску, па-грэцку, па-галяндзку, лёгка чытала на лаціне і старажытнагрэцкай мовах. Але з усіх моваў таленавітая франкафонка выбрала адну – францускую – зь якой зрабіла ўсьлед за Камю сапраўдную радзіму: “Я маю радзіму – францускую мову”. І, дадушы, касмпапалітка, якая з-за вайны апынулася ў ЗША, дзе і засталася да скону і атрымала амэрыканскі пашпарт, захавала, у існасьці, адну радзіму – францускую мову.

Першыя і апошнія амурныя гісторыі і закаханасьці зьнітоўвалі пісьменьніцу з мужчынамі, якія кахалі аднаполцаў. Ейным першым аб’ектам мілосьці стаўся вабны паэт і выдаўца Андрэ Фрэнё. Ён любіў толькі мужчынаў. Ейны апошні малады фаварыт - гей, "чорны анёлак", як называлі яго сябры пісьменьніцы - памёр ад сьніду ў 1986 годзе, аперадзіўшы яе на некалькі год.

Але ня толькі мужчыны цікавілі Юрсёнар, да аднаполак мела моцныя пачуцьці: каля 40 год яна мела повязь з амэрыканкай Грэйс Фрык. Разам яны пражылі 30 год. І усё гэта у эпоху, калі ніхто ня думаў і не змагаўся за гей-шлюб і падобнае.

Першае каханьне і ягоныя раны, драпіны, тым ня менш, пакінулі расчараваньні ўнутры маладой Маргрыт. Чамусьці (ці усё ж-такі наўмысна?) яна заўсёды выбірала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў. Паразы і вельмі балючыя, хоць на мінімальны час і кунежныя адносіны, зрабілі зь яе разважлівую, мудрую і, калі ўгледзіцца ў здымкі пісьменьніцы, з заўжднай маркоцінкай у вачах кабету. Кабету, якая кахала мужчынаў, якія кахалі мужчынаў.

Ці не таму зачастую героямі ейных твораў становяцца гомасэксуальныя ці бісэксуальныя мужчыны, хлопцы: Аляксыс, пратаганіст ейнага першага празаічнага твору, імпэратар Адрыян і ягоны каханак Антыной, Місіма, геніяльны і радыкальны японскі пісьменьнік. У іншых творах (навэлі, эсэ, артыкулы, зацемкі) тэма гомасэксуальнасьці абавязкова паўстае і прысутнічае. Акадэміца ніколі не кідала, не шкадавала пяра дзеля справаў кабетаў, геяў, а таксама дзеля экалягічнага змаганьня і змаганьня за правы аўтахтоннага насельніцтва ЗША. Цікава, што прыгэтым яна ніколі не станавілася рупаркай пэўнага руху, яна заўсёды вяла індывідуальны, асабісты бой. І культуры, моваў, ведаў ёй хапала на цэлы рух. Выбраўшы, напрыклад, імпэратара Адрыяна ў якасьці пратаганіста рамана, яна прачытала ўсе існыя і даступныя тэксты на лаціне і старажытнагрэцкай мове, што датычыліся ягонай дзейнасьці і жыцьця.

Фэмінісцкая пазыцыя першай францускай акадэміцы заслугоўвае асаблівай увагі і азначэньня: яна ніколі не ўблытвалася ў фэмінізм. І гэта прытым, што яна радыкальна зыначыла францускі мачысцкі сьвет сваім уваходжаньнем пад куполу Акадэміі. Сваім урачыстым дыскурсам і спасылам на папярэдніцаў (Мадам дэ Сталь, Ж. Санд, Калет, напрыклад), якія даўно мусілі ўвайсьці ў мізагінную Акадэмію. Нагадаю, як першая акадэміца кпліва заўважыла ў сваёй прамове: «Француская Акадэмія паставіла жанчыну на п’едэстал, і прыгэтым зусім забыла пасунуць ёй фатэлю». Мілосьніца антычнасьці не разумела штучнага, на ейную думку, падзелу на жаночую і мужчынскую літаратуру: для яе існавала добрая ці кепская літаратура, а ніяк не літаратура ці пісьмо, стыль на аснове полу. Падаецца, на ўласным прыкладзе яна разьбіла гэты стэрэатып.

Апрача гэтага мысьлярка і мілосьніца антычнасьці адрозьнівалася натуральнай і пераканаўчай гуманістычнасьцю: яна унікала (не таму, што баялася зачапіць неразьвязнага і складанага, а таму, што не разумела скрайнасьцяў і цемрашальства) маралізму і павучэнства. Мудра і спакойна натхняючыся антычным гуманізмам і арыентальнай паганскай разважлівасьцю, Юрсёнар скептычна, хоць часам не без замілаваньня, ставілася да адносна маладога хрысьціянства (асабліва старакаталіцтва). Але і ў зацятым і бяздоказным бязвер'і ня бачыла сэнсу. Акадэміня ведала адное: крытычны атэіст, як і крытычны вернік маюць адную важную супольнасьць - агнастыцызм. Так, у «Арыентальных навэлях» перад намі паўстае цікавая крытыца і інтэрпрэтатарка хрысьціянства ‐ адначасова гуманістычнага і цемрашальнага. Яна не скасоўвае хрысьціянства, але лёгка выкрывае ягоныя хібы і дагматызмы, перакруты і фантазіі. І, канечне, ягоныя дасягненьні.

У пэрыяды панікі і крызы (напрыклад, выбух сьніду ў самым пачатку 80-ых гадоў мінулага стагодзьдя), Юрсёнар адной зь першых піша артыкул, у якім сьмяецца з люду, які зноў і зноў шукае ўразьлівых, крайніх і бясконцу маргіналізуе слабых ці прынамсі беззабаронных. Замест гэтага яна раіць крыкунам і панікёрам памаўчаць і не радавацца гору, бо геі сталіся першымі ахвярамі гэтай новай палюндры не таму, што яны геі, а таму, што маргінальныя ад пачатку, таму, што ня мелі і ня маюць доступу да мэдыцыны, да рэсурсаў і мадэляў так бы мовіць "гетэражыцьця".

Усе ведаюць, у нас прынамсі, сухую, акадэмічную Юрсёнар, клясычную аўтарку, і амаль ніхто ня ведае простай кабеты, ейных каханкаў і каханіцаў, ейных дэманау і генія. Мы дрэнна ведаем тую, хто лічыла, што за кожнай падзеяй у нашым жыцьці абавязкова хаваецца чалавек. Можа, дзень нараджэньня першай францускай акадэміні ‐ гэта якраз тая нагода, каб ўзгадаць розныя, часам забытыя і зацярушаныя бакі ейных жыцьця і змаганьняў?

Aфіцыйных перакладаў Юрсёнар па‐беларуску няма, але ёсьць адзін чорны і досыць цікавы пераклад аповесьці «Anna, soror…» i навэлькі з «Арыентальных навэляў», які зьявіўся малым накладам у дыяспары. «Anna, soror…» ‐ цудоўная і ашаламляльная гісторыя Каханьня, якое зьнітавала брата і сястру, каханьне, вядома, вырачанае на паразу ня толькі ў Італіі 17‐га стагодзьдзя, але і сяньня. Тым ня менш, пісьменьніца без маралізму, ані ацэнкі паказала сапраўдныя пачуцьці, жарсьць, а галоўнае ‐ нястому і моц чалавечага жаданьня.

Пахаваная у ЗША, Маргрыт Юрсёнар дасюль застаецца рэдкім і непаўторным культурным арыентырам для ўсяго перадусім франкaмоўнага сьвету. А эпітафія на ейнай могілцы, на маю думку, можа стацца жыцьцедайным зычаньнем для ўсіх жывых: «Bыберы таго, хто мае магчымасьць ўсьцешыць сэрца чалавека на ўсё жыцьцё».

Паводле ARCHE

Аўтар артыкулу: ARCHE

Рэйтынг:
 (галасоў: 2)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte