Сёння 14 кастрычніка
Навіны

Незнаёмец з возера (+трэйлер)

Незнаёмец з возера (+трэйлер)

Фільм францускага рэжысэра Алена Гірадзі "L’Inconnu du lac" (2013г.), які атрымаў квір-пальму на апошнім фэстывалі ў Канах, няма сумневу, стаўся цікавым адкрыцьцём, а крыху пазьней нават скандалам. Афішка фільму (абдоймы і пацалунак двух хлапчынаў) абурыла маралісцкую частку жыхароў Вэрсаля і Сэн-Клю, якія запатрабавалі зьняць яе.

І гэты фільм стаў бы сапраўдным шокам у Беларусі, дзе афіцыйна ён, канечне, ніколі б не прайшоў. Але не пра Беларусь гамонка і гарапашны стан айчыннага кінэматографу, а пра сьмелае і імклівае разьвіцьцё эўрапейскага кінэматографу і думкі наагул. Рэжысэр выбраў гарачую і рэтра-тэму адначасова – жарсьць, якая зьнітоўвае на першы погляд бязьвіннага Франка і дэманічнага Мішэля ў рэальным месцы стрэчы і шлыху геяў. І месца гэтае ня ў сеціве, як магла б падумаць бальшыня, не, месца стрэчы цалкам рэальнае – возера, нудысцкі гей-пляж у нашыя дні недзе на поўдні Францыі.

Шмат плоці, эротыкі, жарсьці і нават гвалту ня вінна палохаць крытычнага глядача, не забывайма, што фільм пра месца стрэчы і шлыху, а таму бяз плоцевасьці ніяк не абыйсьціся. Глядач-кансэрва, канечне, абурыцца і захоча патэлефанаваць у паліцыю нораваў, але ж глядач-гурман і філёзаф пабачыць праз плоць і пэўную жывёльнасьць крытычнае пасланьне, у якім знанны рэжысэр закадаваў крытыкі як у бок грамадзтва наагул, так і ў бок пэўнай гей-супольнасьці. Грамадзтва, якое загнала многіх геяў у гета ці кут, якое змаргіналізавала і нават абумовіла паводзіны пэўных геяў (бясконцыя патаемныя пошукі плоці (“мяса”, як яны кажуць самі) ў цьмяных, аддаленых, брудных месцах, падалей ад люду, паліцыі). Пэўная гей-супольнасьць, якая жыве паводле дзікунскіх, жывёльных правілаў (шлых-шлых-шлых). Пратаганісты фільму – Франк і Мішэль – якраз і жывуць у такім сьвеце, гнаныя жаданьнем і забаронай. І жарсьцю, канечне.

Незнаёмец з возераНатуральна, сэксуальная вольніца – гэта ўласьцівасьць адкрытых людзей, адзінак, мяньшыні, а таму гэта ў пэўнае ступені ідэал, дасягненьне, прагрэс. Калі ж вольніца йдзе брутальна і выклікае сьмерць, забойства, то яна аўтаматычна перакідваецца ў крымінал. У цэнтры фільму якраз і паўстае гэты крымінальны момант – забойства ўнутры гей-суполкі гея геям. Загнаныя, запалоханыя, зацюканыя, а яшчэ, канечне, эгаістычныя і гальлівыя, геі з возера не хвалююцца, не зьдзіўляюцца, што зьнік адзін зь іх, не салідарызуюць, не выказваюць простай чалавечай заклапочанасьці і чалавечнасьці, працягваюць сьвяткаваць, баляваць, так бы мовіць. Нават анёлападобны Франк, хоць і жахаецца пабачанаму, адбыламу забойству, маўчыць, жыве, кахаецца, бы нічога не адбылося. Ня толькі жарсьць ці закаханасьць заплюшчыла яму вочы, але, бязумоўна, і той эгаізм, цынізм, эмацыйная зьмярцьвеласьць, атрыманыя многімі геямі ў спадчыну ад гетэраграмадзтва.

Адзіны рацыянальны голас у гэтай цемры сыходзіць ад інспэктара паліцыі, які вядзе сьледзтва па справе тапельца. Ён дзіву даецца і кажа пляжным гяем, якіх апытвае, што, у прынцыпе, кожны гей можа стаць такой вось ахвярай, наступнай ахвярай. Як можна баляваць і шлыхацца, калі побач труп, забойства, калі побач ходзіць злачынца? І цалкам па-бацькоўскаму ён разумее, што не яму разарваць гэтае заганнае коле, у якое ўведзеныя гарапашныя геі, не яму пабудаваць мост паміж гетэраграмадзтвам і геямі.

У францускай традыцыі манатонны, але і насычаны, дынамічны, прыгожы і філязофскі фільм, які варта паглядзець. Фільм, які выклікае процьму думак і эмоцыяў. Фільм, які працягвае ў Францыі калектыўныя развагі пра г.зв. “гамасэксуальны канібалізм”, панятак уведзены спачатку толькі ў францускі раман пісьменьнікам Івам Наварам. Цяпер ня толькі ў раманах французы і францужанкі спрабуюць патлумачыць і зразумець гэтую зьяву, калі некаторыя геі раптам кідаюцца ў нейкую помсту, сабатаж, у вір дэпрэсіі і экстрэмальнай плоцевасьці, калі ад гэтага церпяць не віноўцы (напрыклад, гетэраграмадзтва), а блізкія, такія ж змаргіналізаваныя геі, як і яны. Як у шматлікіх францускіх раманах, так і ў гэтым фільме цудоўна ілюструецца, намацваецца нэгатыў, злосьць, жывёльнасьць некаторых геяў, якім не хапае сьмеласьці, а яшчэ, канечне, розуму і сілаў кінуць выклік грамадзтву, а таму яны проста “зьядаюць”, псуюць жыцьці сабе падобным. І ўжо такая самакрытычнасьць, сьмеласьць ў пастаўленьні і артыкуляваньні няпростых пытаньняў, як аўтараў раманаў, так і рэжысэра А. Гірадзі (між іншага, адкрытага гея), заслугоўваюць пашаны і ўвагі.

Зрэшты, той незнаёмец з возера – такі знаёмы нам гей, вабны, сьмелы, сэксуальны хіба ў цемры, у хмызьняку, а насамрэч у ім хаваецца безьліч страхаў, траўмаў, гей, якія ня ўмее жыць адкрыта, поўна, стабільна і шчыра. Ён стаўся заклапочаным, гальлівым і нібыта разьняволеным, вольным, толькі не па сваёй волі, а па волі грамадзтва. Мы ўсе ведаем такіх чароўных незнаёмцаў, поўных ня толькі шарму, але перадусім страху і траўмаў…

Паводле ГейБеларусь

Аўтар артыкулу: Уладзіслаў Гарбацкі

Рэйтынг:
 (галасоў: 2)
facebook livejournal twitter youtube rutube vkontakte